Пошук

Папа заклікае маліцца за законніц і кансэкраваных жанчын

Без манахінь і кансэкраваных свецкіх верніц немагчыма зразумець Касцёл, - сказаў Папа ў відэароліку, падрыхтаваным Сусветнай сеткай малітвы Папы. Ён быў апублікаваны ў Youtube 1 лютага 2022 года.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“У гэтым месяцы мы будзем асаблівым чынам маліцца за законніц і кансэкраваных жанчын”, паведаміў Святы Айцец, заклікаючы задумацца пра тое, “якім быў бы Касцёл без манахінь і кансэкраваных свецкіх верніц”. Без іх, на думку, Папы, Касцёл зразумець немагчыма.

“Заклікаю ўсіх кансэкраваных жанчын распазнаць і выбраць тое, што будзе добрым для іх місіі перад абліччам выклікаў свету, у якім жывем. Заклікаю іх працягваць працаваць і падтрымліваць бедных, маргіналізаваных, усіх зняволеных гандлярамі людзьмі; асабліва прашу і засяродзіцца на гэтай справе”, - падкрэсліў ён.

Пантыфік заахвоціў маліцца, каб законніцы і кансэкраваныя верніцы маглі “паказваць прыгажосць Божай любові і спагады, як катэхеткі, тэолагі, духоўныя спадарожніцы”. “Заклікаю іх змагацца, калі, у некаторых выпадках, да іх адносяцца несправядліва, нават у Касцёле; калі іх служэнне – такое вялікае – зводзіцца да прыслугоўвання, і часам людзьмі Касцёла. Не апускайце рукі, працягвайце знаёміць з дабрынёй Бога праз апостальскія справы, якія ажыццяўляеце, а ў першую чаргу – праз сведчанне кансэкрацыі”, - сказаў Папа.

“Молімся за законніц і кансэкраваных жанчын, дзякуючы ім за іх місію і адвагу, каб яны працягвалі знаходзіць новыя адказы на выклікі нашага часу”, - агучыў малітоўную інтэнцыю Францішак, выказваючы падзяку законніцам і кансэкраваным жанчынам за тое, кім з’яўляюцца, што робяць і як робяць гэта.

01 лютага 2022, 15:53