Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папскае пасланне на Сусветны дзень барацьбы з гандлем людзьмі

Францішак скіраваў відэапасланне на Сусветны дзень малітвы, разважання і дзейнасці супраць гандлю людзьмі. Яно было абнародавана 8 лютага 2022 года, у літургічны ўспамін святой Джузэпіны Бакіты.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа нагадаў сёлетнюю тэму: Сіла клопату. Жанчыны, эканоміка і гандаль людзьмі, і прапанаваў не забывацца пра становішча жанчын і дзяўчат, якія сталі ахвярамі шматлікіх форм эксплуатацыі і дыскрымінацыі, у тым ліку прымусовых шлюбаў, хатняга і працоўнага рабства.

Арганізацыя грамадства ва ўсім свеце яшчэ далёкая ад дакладнага адлюстравання таго, што жанчыны маюць такую ж годнасць і правы, як і мужчыны, з жалем звярнуў увагу Святы Айцец. “Гандаль людзьмі – гэта гвалт! Гвалт, ад якога пакутуе кожная жанчына і кожнае дзіця, – гэта адкрытая рана на целе Хрыста, на целе ўсяго чалавецтва, гэта глыбокая рана, якая таксама закранае кожнага з нас”, - дадаў ён.

Пантыфік заклікаў мужчын “сказаць “не” ўсякаму гвалту, у тым ліку супраць жанчын і дзяўчат”, і разам з жанчынамі змагацца за правы чалавека.

Францішак прывёў прыклад святой Джузэпіны Бакіты. “Яе жыццё паказвае нам, што перамены магчымыя, калі мы дазваляем перамяняцца праз клопат Бога пра кожнага з нас. Гэта клопат міласэрнасці, клопат любові, які глыбока змяняе нас і вучыць вітаць іншых як братоў і сясцёр. Прызнанне годнасці кожнага чалавека – гэта першы акт клопату. (...) Бог клапаціўся пра Джузэпіну Бакіту, суправаджаў яе ў працэсе гаення ран, нанесеных рабствам, аж да таго, каб зрабіць яе сэрца, розум і нутро здольнымі да прымірэння, свабоды і пяшчоты”, - адзначыў ён.

Папа выказаў падтрымку “кожнай жанчыне і дзяўчыне, якая імкнецца да пераўтварэння і клопату, у школе, у сям'і, у грамадстве”, заклікаючы “кожнага мужчыну і хлопца не заставацца ў баку ад гэтага працэсу, памятаючы пра прыклад Добрага Самараніна: чалавека, які не саромеецца схіліцца над сваім братам і клапаціцца пра яго”. “Клопат – гэта Божае дзеянне ў гісторыі, у нашай асабістай гісторыі і ў гісторыі нашай супольнасці”, - патлумачыў ён.

Францішак заклікаў мужчын і жанчын разам развіваць эканоміку клопату і ўсімі сіламі супрацьстаяць любой форме эксплуатацыі і гандлю людзьмі.
 

08 лютага 2022, 12:28