Святы Айцец у Твітэр: молімся разам за Украіну
25 лютага 2022 года вечарам Святы Айцец апублікаваў твіт-паведамленне ў сувязі з вайной ва Украіне. Яно было змешчана на розных мовах, у тым ліку па-руску і па-украінску.
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Кожная вайна пакідае наш свет у горшым стане, чым яго застала. Вайна – гэта правал палітыкі і чалавецтва, ганебная капітуляцыя, горкая параза перад сіламі зла”, - працытаваў Пантыфік словы сваёй энцыклікі Fratelli tutti. Твіт-паведамленне было апублікавана з хэштэгамі #Praytogether #Ukraine – Молімся разам і Украіна, а таксама з выявай укрыжаванага Хрыста.
Францішак працягвае прыкладаць намаганні для спынення вайны Расіі супраць Украіны. Для гэтага ён наведаў пасольства Расійскай Федэрацыі пры Апостальскай Сталіцы, дзе асабіста выказаў свой непакой у сувязі з сітуацыяй. Раней Святы Айцец абвясціў 2 сакавіка – Папяльцовую сераду – днём малітвы і посту ў інтэнцыі міру.
26 лютага 2022, 10:49