Пошук

Папа падчас сустрэчы з італьянскімі паліцэйскімі Папа падчас сустрэчы з італьянскімі паліцэйскімі 

Папа да паліцэйскіх: бараніце годнасць і бяспеку людзей

Папа падзякаваў за прафесіяналізм італьянскім паліцэйскім, якія займаюцца аховай плошчы св. Пятра і клапоцяцца аб бяспецы Пантыфіка падчас яго падарожжаў па тэрыторыі Італіі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

3 лютага 2022 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі кіраўніцтва і супрацоўнікаў Інспекцыі па ахове грамадскага парадку “Ватыкан”. Ён выказаў падзяку сваім гасцям за іх “непрыкметную і адначасова эфектыўную прысутнасць”, якая гарантуе бяспеку вернікам, што прыходзяць памаліцца ў базыліку святога Пятра ці сустрэцца са Святым Айцом.

Францішак пажадаў паліцэйскім, каб у аснове іх служэння заўсёды знаходзілася фундаментальная матывацыя: клопат пра людзей, абарона годнасці і бяспекі кожнага чалавека. Гэта вельмі важна, - падкрэсліў Папа.

Пантыфік нагадаў, што 2 лютага адзначалася свята Ахвяравання Пана, якое называецца таксама “святам сустрэчы”. “Евангелле распавядае пра сустрэчу Марыі і Юзафа, маладых сужонкаў, нядаўна стаўшых бацькамі, з дзвюма пажылымі асобамі, Сімяонам і Ганнай. Сустракаюцца розныя пакаленні і гісторыі, і ў цэнтры знаходзіцца Езус. Я думаю, што вы, дзякуючы вашай працы, дазваляеце таксама і тут адбыцца шматлікім сустрэчам, у цэнтры якіх знаходзіцца Пан. Ваша служэнне дазваляе Езусу, быць прынятым многімі людьмі”, - сказаў Святы Айцец.

 

03 лютага 2022, 12:53