Тэлефонная размова Пантыфіка з Прэзідэнтам Украіны
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Папа паразмаўляў з украінскім лідарам па тэлефоне 26 лютага 2022 года. Гэта пацвердзіў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні. Размова адбылася ў той час як працягваюць прыходзіць трагічныя паведамленні з фронтаў ваенных дзеянняў, а баі трываюць на вуліцах Кіева.
“Святы Айцец выказаў свой глыбокі боль з прычыны трагічных падзей, якія адбываюцца ў нашай краіне”, - паведаміла ў Твітэры пасольства Украіны пры Святым Пасадзе.
У сваю чаргу Уладзімір Зяленскі напісаў твіт-паведамленне, у якім сцвердзіў: “Я падзякаваў папу Францішку за малітву аб міры ва Украіне і аб прыпыненні агню. Украінскі народ адчувае духоўную падтрымку Яго Святасці”.
Францішак таксама скіраваў твіт-паведамленне на розных мовах, у тым ліку па-руску і па-украінску. “Езус вучыў, што на д’ябальскую бессэнсоўнасць гвалту адказвае Божая зброя: пост і малітва. Няхай Валадарка міру выратуе свет ад вар'яцтва вайны”, - падзяліўся ён словамі, якія прамовіў падчас агульнай аўдыенцыі 23 лютага. Твіт быў апублікаваны разам з хэштэгамі #Praytogether і #Ukraine – Молімся разам і Украіна, а таксама выявай Езуса на крыжы.