Падчас аўдыенцыі для юрыстаў Трыбунала Дзяржавы Ватыкан Падчас аўдыенцыі для юрыстаў Трыбунала Дзяржавы Ватыкан 

Францішак: міласэрнасць – не адмена закону, а яго рэалізацыя

У крымінальных працэсах справядлівасць заўсёды павінна спалучацца з патрабаваннямі евангельскай міласэрнасці, - лічыць Пантыфік.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

12 сакавіка 2022 года Францішак прыняў на прыватнай аўдыенцыі юрыстаў Трыбунала Дзяржавы Ватыкан, які адкрывае 93-ці ў сваёй гісторыі судовы год.

У прамове да іх Святы Айцец адзначыў, што ў цяперашні крытычны для чалавецтва час падвяргаецца выпрабаванню сама ідэя агульнага дабра, таму служэнне суддзяў патрабуе асаблівай адказнасці. Яно тычыцца асноўных каштоўнасцей і “праходзіць у сферы, якая з'яўляецца прывілеяванай галіной збліжэння і супрацоўніцтва паміж вернікамі і няверуючымі”.

Папа падкрэсліў, што сінадальны шлях Касцёла закранае і судовую сферу, патрабуючы ўважлівага слухання, цярпення, сумленнасці і непрадузятасці, “што з'яўляецца сутнасцю справядлівага суда”. У крымінальных працэсах справядлівасць заўсёды павінна спалучацца з патрабаваннямі евангельскай міласэрнасці, “натхняльнага прынцыпу ўсіх дзеянняў Касцёла”.

Нагадаўшы аб нядаўніх новаўвядзеннях у сферы ватыканскай эканомікі, фінансаў і правасуддзя, Францішак адзначыў, што рэформы павінны адпавядаць не толькі міжнародным прынцыпам, але і імкненню Касцёла "ўсё больш і больш адаптаваць усе свае структуры да евангельскага стылю". Цяперашняя працэдурная сістэма павінна забяспечваць роўнасць усіх членаў Касцёла.

Справядлівасць, прапанаваная Хрыстом, – гэта не столькі збор правіл, колькі жыццёвая пазіцыя, якая накіроўвае людзей, надзеленых адказнасцю. Гэта евангельская справядлівасць патрабуе перш за ўсё асабістага навяртання, прыхільнасці сэрца і малітвы: менавіта так “мы зможам выконваць свае абавязкі, спалучаючы правасуддзе з міласэрнай любоўю, якая з'яўляецца не адменай закону, а яго рэалізацыя”, - падкрэсліў Франіцшак.
 

12 сакавіка 2022, 13:26