Францішак да законніц: працягвайце свой шлях з энтузіязмам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Францішак спаслаўся на словы, якімі завяршаецца евангельскі ўрывак пра Мудрацоў: “Адышлі ў сваю краіну іншай дарогай” (Мц 2, 12). “Іншая дарога” можа азначаць і іншы, новы спосаб хады, - адзначыў ён, нагадваючы яшчэ адну евангельскую гісторыю – пра вучняў з Эмаус, якія пасля сустрэчы з Езусам вярнуліся ў Ерузалем цалкам перамененымі.
“Дарога была тая ж, але “іншая”: ужо не на захад сонца, а на новы світанак; гэта быў ужо не шлях смутку, без надзеі, без будучыні, а іншы, новы, поўны захаплення, удзячнасці, пакаяння за сваё сэрца, павольнае да веры, але светлае і лагоднае дзякуючы ласцы, якую даў Уваскрослы”, - звярнуўся Папа.
Францішак перакананы, што ў Касцёле інстытуты кансэкраванага жыцця “з’яўляюцца захавальнікамі вялікай спадчыны і багатай традыцыі сінадальнасці”. Ён заклікаў законніц карыстацца “крыніцамі братэрскага ўдзелу; не замыкацца ў цесных колах; не кіравацца асабістымі або карыслівымі інтарэсамі”.
Пантыфік запрасіў сваіх гасцей паразважаць над трыма паняццямі, заўсёды важнымі для Касцёла: камунія, удзел і місія. Ён перакананы ў актуальнасці харызмы і місіі сясцёр святой Даратэі ў сённяшнім культурным і сацыяльным кантэкстах, калі так патрэбна новае “пагадненне аб адукацыі”. Фактычна, ніколі раней не было настолькі сур’ёзнай патрэбы “ў аб'яднанні намаганняў у шырокім адукацыйным альянсе для фарміравання людзей сталых, здольных пераадолець фрагментацыю і кантрасты і аднавіць тканіну адносін дзеля больш братэрскага чалавецтва”.
“Дарагія сёстры, у гэты момант гісторыі, адзначаны цяжкім крызісам, спачатку з пандэміяй COVID-19, а ў гэтыя дні вайной, якая раніць усіх, я заклікаю вас працягваць свой шлях з энтузіязмам, выкарыстоўваючы выхаваўчы метад святой Паолы: ісці дарогай сардэчнасці і любові, каб кожны чалавек мог стаць архітэктарам свайго лёсу”, - звярнуўся Францішак.