Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: міласэрнасць дазваляе бачыць сапраўдныя патрэбы людзей

Пантыфік прывітаў удзельнікаў цырымоніі закладкі вуглавога каменя новага каталіцкага цэнтра для пражывання іншагародніх бацькоў, дзеці якіх будуць праходзіць лячэнне ў медыцынскіх структурах у Мілане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Структура будуецца па ініцыятыве каталіцкай дабрачыннай арганізацыі UNITALSI – Італьянскага нацыянальнага саюза транспартавання хворых у Лурд і міжнародныя санктуарыі, – якая сёлета адзначае 100-годдзе з дня свайго заснавання. У яе фундамент была закладзена цаглінка са сцяны, якая да Юбілею Божай Міласэрнасці, што праходзіў у 2015 годзе, закрывала Святыя Дзверы ватыканскай базылікі.

Пантыфік заўважыў, што стварэнне цэнтра для бацькоў хворых дзяцей сведчыць пра крэатыўнасць і развіццё арганізацыі, характэрнай рысай якой заўсёды была блізкасць да людзей, што перажываюць пакуты.

Францішак нагадаў пра актуальнасць слоў з булы, якой абвясціў Юбілей Міласэрнасці: “Езус, бачачы, што людзі, якія ішлі за Ім, змучаныя і стомленыя, збянтэжаныя і без правадыра, пачаў у глыбіні сэрца, моцна спачуваць ім (пар. Мц 9, 36). Дзякуючы менавіта гэтай спачувальнай любові Ён аздараўляў хворых, якіх прыносілі да Яго (пар. Мц 14, 14), а таксама некалькімі хлябамі і рыбамі насыціў вялікі натоўп (пар. Мц 15, 37). Тым, што пабуджала Езуса ва ўсіх абставінах, было не што іншае, як міласэрнасць, якая дазваляла Яму чытаць сэрцы сваіх суразмоўцаў і адказваць на іх самыя важныя патрэбы”.

“Ніколі не губляйце сілы, патрэбныя, каб адказваць на самыя важныя і канкрэтныя патрэбы людзей, якіх сустракаеце ў вашым жыцці”, - заклікаў Папа, удзяляючы сваё благаслаўленне і падкрэсліваючы, што ў кантэксце новых форм уразлівасці і нястачы, стварэнне гасціннага дома для бацькоў хворых дзяцей, з’яўляецца “сведчаннем любові Езуса за самых бедных”.
 

29 сакавіка 2022, 11:59