Пошук

Падчас аўдыенцыі для дэлегацыі кангрэгацыі Дачок Найсвяцейшай Марыі Садовай Падчас аўдыенцыі для дэлегацыі кангрэгацыі Дачок Найсвяцейшай Марыі Садовай 

Пантыфік да манахінь: быць уважлівымі да свету, з сэрцам у Богу

Свет патрабуе сведчання простых людзей, напоўненых Святым Духам, -падкрэсліў Папа падчас сустрэчы з удзельніцамі 20-га генеральнага капітула кангрэгацыі Дачок Найсвяцейшай Марыі Садовай.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Падчас аўдыенцыі, якая прайшла 26 сакавіка 2022 года, Пантыфік заклікаў манахінь паразважаць пра тое, як можна адказаць на актуальныя “выклікі культуры самадастатковасці, раўнадушша, эгаізму, якая парушае парадак у чалавечых адносінах і адкрывае шматлікія кароткія шляхі да рабства несправядлівасці і эксплуатацыі, што прыніжаюць годнасць людзей”.

Папа заахвоціў іх працягваць евангелізацыйную дзейнасць, не апускаючы рукі перад абліччам перашкод, але чэрпаючы сілы ў малітве і адарацыі, каб заставацца “з сэрцам у Богу”, як кажа тэма капітула: “Уважлівыя да свету, з сэрцам у Богу”.

“З сэрца, зануранага ў Бога, нараджаюцца плёны жыцця, якія маюць водар Евангелля: багатыя разуменнем, братэрствам, пяшчотай, радасцю, прынясеннем сябе ў дар. Свет прагне гэтага добрага жыцця, але не можа даць яго сабе самастойна; яму трэба бачыць яго сведчанне, і не з боку фенаменальных асоб, а простых людзей, з абмежаваннямі і слабасцямі і, тым не менш, напоўненых сілай Святога Духа”, - падкрэсліў Францішак.

Папа зазначыў, што быць “уважлівымі да свету”, значыць быць здольнымі заўважаць зерні Божага Валадарства, прысутныя ў рэчаіснасці, ведаючы, што Святы Дух дзейнічае заўсёды і свабодна і часта здзіўляе. “Увага”, у гэтым кантэксце, не азначае падазронасць ці страх, але “здаровы рэалізм, прастату, здольнасць прымаць сітуацыі і людзей такімі, якімі яны ёсць”.

“Уважлівым да свету”, па словах Святога Айца, з’яўляецца чалавек, які не стаіць “на балконе”, каб назіраць здалёк, але “набліжаецца, схіляецца, дакранаецца рукой” па прыкладзе Добрага Самараніна – “заўсёды знаходзіцца ў дарозе, але гатовы спыніцца, каб паклапаціцца пра бедных, параненых жыццём, перавязаць раны і выслухаць”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы таксама, што важна шмат слухаць людзей, каб вярнуць ім годнасць і аздаравіць ад ран, нанесеных раўнадушшам і самотнасцю.

Францішак заклікаў манахінь пачынаць быць “уважлівымі да свету” са сваіх уласных супольнасцей, намагаючыся рабіць усё, каб у іх “дыхалася спакойным паветрам братэрства, цёплай гасціннасцю, ўзаемаразуменнем і велікадушнасцю”.

26 сакавіка 2022, 13:05