Пантыфік: доступ да вады – пытанне міру паміж народамі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
21 сакавіка 2022 года Папа прыняў прадстаўнікоў валанцёрскай арганізацыі Вы напаілі Мяне.
Пытанне вады – гэта прыярытэт для жыцця планеты і для міру паміж народамі, - перакананы Пантыфік. Аднак у свеце, асабліва ў Афрыцы, ёсць групы насельніцтва, якія больш за іншых пакутуюць ад адсутнасці доступу да яе.
Францішак заклікаў аб'яднаць сілы і рэсурсы, каб разам змагацца з сапраўднымі цывілізацыйнымі праблемамі: голадам і смагай; хваробамі і эпідэміямі, беднасцю і рабствам. Выдзяляць значную частку выдаткаў на зброю – значыць адбіраць сродкі ў тых, каму не хапае самага неабходнага, - адзначыў ён.
“Якая карысць усім разам, урачыста, на міжнародным узроўні, абвяшчаць кампаніі супраць беднасці, супраць голаду, супраць дэградацыі планеты, калі мы потым зноў упадзём у старую загану вайны, у старую стратэгію ўлады узбраення, якая вяртае ўсё назад?” - спытаў Папа.
Ён падзякаваў сваім гасцям, што як маленькая арганізацыя яны не баяцца змагацца з вялікімі праблемамі, робячы гэта добра, правільным чынам.