Пантыфік: Касцёл і свет патрабуюць мужнасці жанчын
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Францішак скіраваў пасланне да арганізатараў і ўдзельнікаў міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай юбілею абвяшчэння Тэрэзы Авільскай, Катарыны Сіенскай, Тэрэзы з Ліз’ё і Хільдэгарды Бінгенскай Доктарамі Касцёла, а таксама надання тытула Апякунак Еўропы Брыгідзе Шведскай, Тэрэзе Бэнэдыкце ад Крыжа і Катарыне Сіенскай. Форум прайшоў у Папскім латэранскім універсітэце.
Папа падкрэсліў актуальнасць вучэння гэтых святых, заўважаючы, што “ў цяперашніх умовах яно можа стаць крыніцай святла і надзеі для нашага падзеленага і разбітага свету”.
Пантыфік заўважыў, што хоць гэтыя жанчыны жылі ў розныя эпохі і выконвалі розныя місіі, іх аб’ядноўвае сведчанне святога жыцця: яны былі паслухмяныя Святому Духу, кіраваліся не зменлівымі ідэалогіямі, а непарушнай адданасцю “чалавечнасці Хрыста”, якая пранізвала ўсе іх дзеянні. Гэты святыя заўсёды чэрпалі свае сілы з Божай любові, якая напаўняла іх сэрцы, - дадаў Францішак.
На думку Святога Айца, “сучасная адчувальнасць свету патрабуе вяртання жанчынам той годнасці і неад’емнай каштоўнасці, якімі іх надзяліў Стварыцель”. “Прыклад жыцця гэтых святых паказвае некаторыя элементы, якія складаюць жаноцкасць, вельмі патрэбную Касцёлу і свету: мужнасць у пераадоленні цяжкасцей, іх здольнасць да канкрэтных дзеянняў, прыроджаная схільнасць прапаноўваць тое, што найбольш прыгожае і чалавечнае, згодна з Божай задумай, а таксама дальнабачная візія свету і гісторыі – прарочая, – якая робіць іх сейбітамі надзеі і стваральніцамі будучыні”, - напісаў Францішак.
Святы Айцец заўважыў, што служэнне гэтых святых жанчын чалавецтву суправаджалася вялікай любоўю да Касцёла і Папы. “Яны адчувалі сябе суадказнымі за выпраўленне грахоў і цярпенняў свайго часу і ўнеслі свой уклад у місію евангелізацыі ў поўнай гармоніі і касцёльнай еднасці”, - падкрэсліў Пантыфік, заклікаючы ўдзельнікаў канферэнцыі “прасоўваюць жаночую святасць, якая робіць плённымі Касцёл і свет”.