Пошук

Падчас аўдыенцыі для членаў Папскага фонда Gravissimum Educationis Падчас аўдыенцыі для членаў Папскага фонда Gravissimum Educationis 

Пантыфік: трэба з маленства вучыць вырашаць канфлікты без насілля

18 сакавіка 2022 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў кангрэса Папскага фонда Gravissimum Educationis, які праходзіць на тэму выхавання і дэмакратыі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Хрысціянін, калі не наследуе Евангелле і прызвычайваецца глядзець у іншы бок, павольна ператвараецца ў язычніка, “пераапранутага ў хрысціяніна”, - падкрэсліў Папа, заўважаючы, што вайна ўжо ўвайшла ў наш дом і прымушае задумацца пра тое, наколькі дзікай можа быць чалавечая прырода.

Францішак адзначыў, што тэма адукацыі і выхавання тычыцца галоўным чынам дзяцей і моладзі. У сувязі з гэтым ён заклікаў падумаць пра расійскіх салдат, якіх паслалі на фронт зусім маладымі, а таксама пра маладых украінскіх салдат, пра дзяцей і моладзь.

Святы Айцец заўважыў, што ў ватыканскім шпіталі Bambino Gesù праходзяць лячэнне ўкраінскія дзеці, якія пацярпелі ў выніку бамбардзіроўвак. У той жа час ён заклікаў задумацца пра тое, як хрысціяне перажываюць гэту вайну: посцяць і робяць учынкі пакаяння ці жывуць легкадумна, як, на жаль, перажываюцца ўсе далёкія войны.

“Вайна – гэта заўсёды параза чалавецтва: заўсёды. Мы – адукаваныя людзі, якія працуем у сферы выхавання – пацярпелі паразу ад гэтай вайны, бо з пэўнага боку з’яўляемся адказнымі. Не існуе справядлівых войн: не існуе!”, - сцвердзіў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што малітва за мір павінна суправаджаць адукацыйны працэс, “каб маладыя людзі сталелі ў цвёрдым усведамленні таго, што канфлікты не вырашаюцца праз насілле і прыгнёт, але праз абменам меркаваннямі і дыялог”.

Францішак адзначыў важнасць навучання дэмакратыі, а таксама папярэдзіў аб небяспецы “спакусы авалодвання”: калі прага эгаістычнага валодання напаўняе сэрцы, адносіны, а таксама палітычныя і грамадскія структуры, тады атручанай становіцца сутнасць дэмакратыі”.

На думку Святога Айца, існуюць дзве формы дэгенерацыі дэмакратыі. Першая – гэта таталітарызм, калі дзяржава ажыццяўляе ідэалагічны прыгнёт, спустошваючы каштоўнасць фундаментальных правоў чалавека і грамадства, прыходзячы да падаўлення свабоды. Іншая форма – радыкальная секулярызацыя, якая таксама з’яўляецца ідэалогіяй, што “дэфармуе дэмакратычны дух незаўважна і падступна”.

Папа заўважыў, што выкрэсліванне трансцэндэнтнага вымярэння аслабляе і паступова знішчае ўсякую адкрытасць на дыялог: калі не існуе апошняй праўды, тады чалавечыя ідэі і перакананні могуць з лёгкасць выкарыстоўвацца для мэтаў улады.

Пантыфік звярнуўся да прадстаўнікоў фонда Gravissimum Educationis з трыма прапановамі. Першая – умацоўваць у моладзі “прагненне дэмакратыі”, дапамагаючы ёй “разумець і цаніць каштоўнасць сістэмы, якая заўсёды павінна ўдасканальвацца, але якая здольная бараніць удзел грамадзян у жыцці грамадства, свабоду выбара, дзеяння і слова”. Другая прапанова – вучыць моладзь таму, што “агульнае дабро замешваецца любоўю” і не можа бараніцца “ваеннай сілай”.

“Грамадства ці краіна, якая прагне самасцвярджацца з дапамогай сілы, робіць гэта, наносячы шкоду іншым грамадствам ці краінам, і распальвае несправядлівасць, няроўнасць і насілле. Вельмі лёгка паўстаць на шлях разбурэння, але ён пакідае шмат руін. Толькі любоў можа ўратаваць чалавечую сям’ю”, - сказаў Папа.

Нарэшце, трэццяя прапанова, якую зрабіў Пантыфік: навучыць моладзь таму, што ўлада павінна ажыццяўляцца як служэнне. Францішак заклікаў не забываць, што Бог дае ўсім людзям пэўныя ролі не для таго, каб яны самасцвярджаліся, але, каб дзякуючы іх дзейнасці, усё грамадства магло развівацца.

18 сакавіка 2022, 12:09