Пошук

Украінскі Марыупаль. Ілюстрацыйнае фота Украінскі Марыупаль. Ілюстрацыйнае фота 

Папа аб агрэсіі супраць Украіны: не можна прывыкаць да вайны

Варварскім і святатацкім учынкам назваў Папа вайну, якая працягваецца ва Украіне, і ўсе іншыя войны. У чарговы раз ён цвёрда заклікаў спыніць ваенныя дзеянні і пачаць мірныя перамовы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“З моманту пачатку ўварвання ва Украіну, ад пачатку гэтай жорсткай і бессэнсоўнай вайны, якая, як і любая вайна, для ўсіх нас – параза, прайшло больш за месяц. Трэба адмовіцца ад вайны, той прасторы смерці, дзе бацькі і маці хаваюць сваіх дзяцей, дзе людзі забіваюць сваіх братоў, якіх нават не бачаць, дзе магутныя вырашаюць, а бедныя паміраюць. Вайна нішчыць не толькі сучаснасць, але і будучыню грамадства”, - сказаў Францішак пасля малітвы Анёл Панскі 27 сакавіка 2022 года.

Ён звярнуў увагу на драматычны лёс дзяцей. “Я прачытаў, што з пачатку агрэсіі супраць Украіны кожнае другое дзіця стала бежанцам. Гэта азначае разбурэнне будучыні, нанясенне драматычнай траўмы самым маленькім і самым нявінным з нас. Вось звярынасць вайны, яе варварства і святатацтва!” - адзначыў Пантыфік.

Святы Айцец таксама нагадаў, што вайну нельга разглядаць як непазбежнасць, не можна прывыкаць да вайны. “Неабходна ператварыць сённяшняе абурэнне ў заўтрашнія намаганні. Таму што, калі мы выйдзем з гэтай гісторыі, як і раней, усе мы ў нечым будзем вінаватыя. Сутыкнуўшыся з небяспекай самазнішчэння, чалавецтва разумее, што настаў час адмовіцца ад вайны, выкрасліць яе з гісторыі чалавека, перш чым яна выкрасліць чалавека з гісторыі”, - заўважыў ён.

Папа звярнуўся і да тых, хто кіруе дзяржавамі. “Прашу кожнага з адказных палітыкаў задумацца над гэтым, узяць на сябе абавязацельства! І, гледзячы на шматпакутную Украіну, зразумець, што з кожным днём вайны сітуацыя пагаршаецца для ўсіх. Таму я аднаўляю свой заклік: хопіць, спыніцеся, няхай змоўкне зброя, давайце сур'ёзна зоймемся мірам!” - сказаў ён.

Падзякаваўшы вернікам за ўдзел у пятнічнай малітве аб даручэнні свету, асабліва Расіі і Украіны, Беззаганнаму Сэрцу Марыі, Францішак заклікаў да далейшай, нястомнай малітвы праз Яе заступніцтва і разам з вернікамі, сабранымі на плошчы святога Пятра, прамовіў малітву Вітай, Марыя.
 

27 сакавіка 2022, 13:03