Пошук

Лагатып "Кампаніі братэрства" 2022 года Лагатып "Кампаніі братэрства" 2022 года 

Папа: адукацыя павінна служыць братэрству і цэласнаму гуманізму

Францішак скіраваў пасланне з нагоды штогадовай велікапоснай ініцыятывы Касцёла ў Бразіліі “Кампанія братэрства”, сёлетняя тэма якой: “Братэрства і адукацыя”.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Папа звярнуў увагу на важнасць спрыяння пашырэнню цэласнага падыходу да разумення чалавека, каб пазбегнуць “культуры адчужэння”, якая спіхвае самых уразлівых на ўзбочыну грамадства, а таксама, каб абудзіць усведамленне важнасці клопату пра стварэнне. У гэтым кантэксце ён звярнуў увагу на неадкладную патрэбу ў ператварэннях, якія павінны закрануць сферу адукацыі: яна павінна прасоўваць усеагульнае братэрства і цэласны гуманізм.

Францішак звярнуў увагу на адказнасць палітычных уладаў краін за падтрымку сем’яў у выхаванні дзяцей, гарантуючы ім доступ да школьнай адукацыі, але таксама пажадаў, каб належна прызнавалася і цанілася місія Касцёла ў адукацыйнай сферы. “Рэлігіі спрадвеку мелі блізкія адносіны з адукацыяй”, - нагадаў ён, падкрэсліваючы, што рэлігійнай дзейнасці Касцёла заўсёды спадарожнічае забеспячэнне выхаваннем, школьнай і ўніверсітэцкай адукацыяй.

“Як у мінулым, так і сёння, абапіраючыся на мудрасць і чалавечнасць нашых рэлігійных традыцый, мы хочам стаць стымулам для абноўленай адукацыйнай дзейнасці, якая дапаможа пашырэнню ў свеце ўсеагульнага братэрства”, - дадаў Святы Айцец. Ён пажадаў, каб каталіцкія навучальныя ўстановы ў Бразіліі, наследуючы педагагічны прыклад Хрыста, перадавалі веды з любоўю, а таксама давалі прыклад цэласнай фармацыі для іншых адукацыйных устаноў.

02 сакавіка 2022, 16:22