Пошук

Папа: даць хрысціянскі адказ на выклікі ў галіне біяэтыкі

Молімся аб тым, каб мы здолелі даць хрысціянскі адказ на выклікі ў галіне біяэтыкі, - заклікаў Папа ў відэароліку, у якім абвясціў і патлумачыў сваю малітоўную інтэнцыю на сакавік.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што навука ідзе наперад і “сёння біяэтыка ставіць перад намі шэраг праблем, на якія мы павінны адказаць”, не хаваючы галаву ў пясок. Ён заўважыў, што біятэхналогіі павінны выкарыстоўвацца з павагай да чалавечай годнасці.

Пантыфік падкрэсліў, што чалавечыя эмбрыёны не могуць ужывацца ў якасці “аднаразовага матэрыялу”, які можа выкарыстаць і выкінуць: гэта культура адчужэння, якая чыніць вялікую шкоду. Нельга таксама дазволіць, каб эканамічны прыбытак абумоўлівае даследаванні ў галіне біямедыцыны, - дадаў ён.

“Мы павінны разумець глыбокія перамены, якія адбываюцца з яшчэ больш глыбокай, больш тонкай праніклівасцю. Справа не ў тым, каб запавольваць тэхналагічны прагрэс, але пра тое, каб яго суправаджаць. Гаворка ідзе пра тое, каб бараніць як чалавечую годнасць, так і прагрэс. Іншымі словамі, мы не можам плаціць за прагрэс чалавечай годнасцю! Яны павінны ісці разам, гарманічна разам!”, - сцвердзіў Папа.

“Перад абліччам новых выклікаў у галіне біяэтыкі, молімся аб тым, каб мы, хрысціяне, заўсёды падтрымлівалі абарону жыцця малітвай і грамадскай дзейнасцю”, - агучыў малітоўную інтэнцыю Святы Айцец.

08 сакавіка 2022, 16:06