Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа падпісаў тэкст новай канстытуцыі аб Рымскай курыі

Абнародаваны тэкст новай Апостальскай канстытуцыі аб Рымскай курыі і яе служэнні Касцёлу і свету. Назва дакумента – Praedicate Evangelium (Абвяшайце Евангелле) – указвае на місійны характар рэформы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Канстытуцыя была падпісана Папам 19 сакавіка 2022 года, ва ўрачыстасць святога Юзафа, а ўвойдзе ў сілу 5 чэрвеня 2022 года, ва ўрачыстасць Спаслання Святога Духа. Яна складаецца з 11 раздзелаў і 250 артыкулаў. Дакумент замяніў Апостальскую канстытуцыю Pastor bonus (Добры пастыр), якая рэгламентавала дзейнасць Рымскай курыі з 1989 года.

У дакуменце падкрэслівацца, што Рымская курыя складаецца з Дзяржаўнага Сакратарыяту, дыкастэрый і структур, якія “юрыдычна з’яўляюцца роўнымі паміж сабой”. Адным з новаўвядзенняў стала стварэнне Дыкастэрыі па евангелізацыі, якое адбылося шляхам аб’яднання Кангрэгацыі евангелізацыі народаў і Папскай рады па новай евангелізацыі. Былыя кіраўнікі гэтых структур стануць пропрэфектамі новай Дыкастэрыі, а ўзначальваць яе будзе сам Папа. 

Новай структурай Рымскай курыі стане Дыкастэрыя па міласэрным служэнні. Яна заснавана на аснове Апостальскай элемазінарыі – ватыканскага ведамства, якое ад імя Пантыфіка займаецца дабрачыннай і гуманітарнай дзейнасцю.

Увогуле, замест былых Кангрэгацый і Папскі рад, у Рымскай курыі будзе шаснаццаць Дыкастэрый: Дыкастэрыя па евангелізацыі, Дыкастэрыя веравучэння, Дыкастэрыя па міласэрным служэнні, Дыкастэрыя па справах Усходніх Цэркваў, Дыкастэрыя Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў, Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця, Дыкастэрыя па справах біскупаў, Дыкастэрыя па справах духавенства, Дыкастэрыя па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця, Дыкастэрыя па культуры і адукацыі, Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, Дыкастэрыя па заканадаўчых тэкстах і Дыкастэрыя па камунікацыі.

Органы правасуддзя па-ранейшаму будуць прадстаўлены Апостальскай пэнітэнцыярыяй, Найвышэйшым Трыбуналам Апостальскай Сігнатуры і Трыбуналам Рымскай роты.

Эканамічны блок будзе складацца з Рады па эканамічных пытаннях, Сакратарыяту па эканамічных пытаннях, Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы, Упраўлення генеральнага аўдытара, Камісіі па справах сакрэтнага характару і Камітэта па інвестыцыях.

У склад Рымскай курыі будуць уваходзіць тры службы: Прэфектура Папскага дома, Служба літургічных цэлебрацый Найвышэйшага Пантыфіка і Камерленга Святога Рымскага Касцёла. Канстытуцыя рэгламентуе таксама дзейнасць Калегіі адвакатаў Апостальскай Сталіцы і структур, звязаных з Апостальскай Сталіцай.

Дзяржаўны Сакратарыят у дакуменце акрэсліваецца як “Папскі сакратарыят”. Адзначаецца таксама, што дапамагаць Святому Айцу, займаючы кіраўнічыя пасады ў структурах Рымскай курыі, змогуць усе, уключаючы свецкіх вернікаў і верніц. Акрамя таго, тэрмін служэння святароў і законнікаў на пасадах афіцыялаў у Рымскай курыі будзе абмежаваны пяццю гадамі з магчымасцю прадаўжэння яшчэ на пяць гадоў, пасля чаго яны павінны вярнуцца ў свае дыяцэзіі ці манаскія супольнасці.

Афіцыйная прэзентацыя дакумента адбудзецца 21 сакавіка 2022 года ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы. У ёй прымуць удзел кардынал Марчэла Сэмерара, прэфект Кангрэгацыі па справах кананізацыі, мансеньёр Марка Мэліна, сакратар Рады кардыналаў, і ксёндз Джанфранка Гірланда, езуіт, спецыяліст у Кананічным праве, прафесар-эмерыт Папскага грыгарыянскага ўніверсітэта.

19 сакавіка 2022, 15:09