Пошук

Пантыфік: пажылыя людзі пакліканы вучыць сапраўднаму гуманізму

Пажылыя людзі дапамагаюць заўважаць пастку прызвычаення да жыцця, апантанага пошукам задавальненняў і ўнутранай пустатой, - перакананы Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 16 сакавіка 2022 года прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, Францішак працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны старасці. Ён звярнуў увагу на постаць Ноя, самага старога і справядлівага чалавека, якому Бог даручыў уратаваць жыццё на зямлі ад зла і патопу – ад звядзення жыцця выключна да бесклапотнага спажывальніцтва, пазбаўленага справядлівасці і любові.

Папа нагадаў словы Езуса, якія дапамагаюць глыбей зразумець біблійную гісторыю пра ўсясветны патоп: “Як было ў дні Ноя, так будзе і ў дні Сына Чалавечага. Елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж аж да таго дня, калі Ной увайшоў у каўчэг” (Лк 17,26-27).

Пантыфік патлумачыў, што есць, піць, жаніцца і выходзіць замуж – гэта цалкам нармальныя справы і не з’яўляюцца прыкладам сапсутасці, але калі людзі абмяжоўваюцца выключна радасцямі жыцця, яны перастаюць заўважаць амаральнасць, з радасцю паддаюцца злу, карупцыі, нібыта яны з’яўляюцца часткай нармальнага чалавечага жыцця.

“Жыццёвыя даброты спажываюцца і выкарыстоўваюцца без клопату пра духоўную якасць, без клопату пра навакольнае асяроддзе агульнага дома, не звяртаючы ўвагі на знішчэнне і дэградацыю, ад якіх пакутуюць многія, ці нават на зло, якое атручвае грамадства. Пакуль звычайнае жыццё можа быць напоўнена “дабрабытам”, мы не хочам думаць пра тое, што робіць яго пазбаўленым справядлівасці і любові”, - папярэдзіў Папа.

Францішак зазначыў, што нечым звычайным можа стаць нават сапсутасць і карупцыя, ля вытокаў якіх знаходзіцца клопат выключна пра саміх сябе і легкадумнасць, якія прытупляюць сумленне і між волі робяць нас саўдзельнікамі.

У сваю чаргу пажылыя людзі дапамагаюць заўважаць пастку прызвычаення да жыцця, апантанага задавальненнямі і ўнутранай пустатой: жыцця бяздумнага, без ахвярнасці, без духоўнасці, без праўды, без справядлівасці, без любові. Пантыфік перакананы, што “адчувальнасць пажылых людзей да ўважлівасці, разважлівасці і пачуццяў, якія робяць нас людзьмі, павінна зноў стаць пакліканнем многіх”. “Гэта будзе выбар любові пажылых людзей на карысць новых пакаленняў. Божае благаслаўленне выбірае старасць, бо гэты харызмат з’яўляецца вельмі чалавечым і гуманізуючым”, - дадаў ён.

“Ной з’яўляецца прыкладам гэтай жыццядайнай старасці: Ной не прапаведуе, не скардзіцца, не наракае, але клапоціцца пра будучае пакаленне, якое знаходзіцца ў небяспецы. Ён будуе гасцінны каўчэг і пускае ў яго людзей і жывёл”, - заўважыў Папа, падкрэсліваючы, што пакліканне Ноя клапаціцца пра жыццё ва ўсіх яго формах застаецца актуальным заўсёды. “Святы Патрыярх яшчэ павінен заступацца за нас”, - сказаў Пантыфік.

Францішак звярнуўся да ўсіх пажылых людзей, нагадваючы ім пра адказнасць за асуджэнне чалавечай сапсутасці, у якой жыве сучасны свет і для якой усё лічыцца дазволеным. “Давайце будзем ісці наперад. Свет патрабуе моцнай моладзі, якая будзе крочыць наперад, і мудрых пажылых людзей. Папросім Пана аб ласцы мудрасці”, - завяршыў катэхезу Святы Айцец.

16 сакавіка 2022, 11:06

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >