Пошук

Банер на плошчы святога Пятра падчас малітвы Анёл Панскі Банер на плошчы святога Пятра падчас малітвы Анёл Панскі 

Папа пра Украіну: той, хто падтрымлівае насілле, зневажае Бога

Францішак назваў Марыупаль, які носіць імя Марыі, горадам-пакутнікам і сімвалам страшнай вайны, якая спусташае Украіну. Яго вельмі асабісты і эмацыянальны зварот прагучаў 13 сакавіка 2022 года пасля малітвы Анёл Панскі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Перад абліччам варварства забойства дзяцей, нявінных людзей і безабаронных мірных жыхароў не існуе стратэгічна слушных прычын: трэба спыніць недапушчальную ўзброеную агрэсію, перш чым яна ператворыць гарады ў могілкі”, - адзначыў Папа.

“З болем у сэрцы я далучаюся да голасу простых людзей, якія просяць спыніць вайну. У імя Бога, пачуйце крык тых, хто пакутуе, і пакладзіце канец бамбардзіроўкам і атакам! Засяродзьцеся па-сапраўднаму і рашуча на перамовах, на эфектыўнасці і бяспечнасці гуманітарных калідораў. У імя Бога я прашу вас: спыніце гэтую бойню!” - звярнуўся ён да агрэсараў.

Францішак заклікаў да прыняцця шматлікіх бежанцаў, “у якіх прысутнічае Хрыстус”, і падзякаваў за вялікую сетку салідарнасці, сфарміраваную з пачатку вайны.

Святы Айцец папрасіў католікаў узмоцніць малітву за мір. “Бог з’яўляецца Богам міру, а не вайны, і тыя, хто падтрымлівае насілле, зневажаюць Яго імя”, - падкрэсліў Папа, запрашаючы фізічна і духоўна прысутных на плошчы святога Пятра да ціхай малітвы за тых, хто пакутуе, і за тых, хто развязаў і падтрымлівае вайну, “каб Бог навярнуў іх сэрцы да цвёрдай волі да міру”.
 

13 сакавіка 2022, 12:48