Папа просіць малітоўнай падтрымкі для свайго візіту на Мальту
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“У гэтай цудоўнай краіне я здзейсню пілігрымку па слядах апостала Паўла, які пасля караблекрушэння на шляху ў Рым, быў там вельмі сардэчна сустрэты. Такім чынам, гэта апостальскае падарожжа стане магчымасцю пайсці да вытокаў абвяшчэння Евангелля, асабіста пазнаёміцца з хрысціянскай супольнасцю з тысячагадовай і жывой гісторыяй і сустрэцца з людзьмі краіны, якая знаходзіцца ў цэнтры Міжземнамор’я і на поўдні Еўрапейскага кантынента. Сёння Мальта з яшчэ большым імкненнем вітае шматлікіх братоў і сясцёр, якія шукаюць прытулку”, - адзначыў Францішак.
Папа шчыра падзякаваў усім, хто працаваў над падрыхтоўкай візіту, і папрасіў усіх падтрымаць яго сваімі малітвамі.
Францішак прыбудзе на Мальту раніцай 2 красавіка 2022 года. Ён сустрэнецца з Прэзідэнтам і Прэм’ер-міністрам краіны, звернецца з прамовай да прадстаўнікоў улад і дыпламатычнага корпуса. На востраве Гоца Папа наведае марыйны санктуарый Та’Піну, дзе ўзначаліць малітоўную сустрэчу.
У нядзелю 3 красавіка раніцай, у будынку Апостальскай нунцыятуры ў Рабаце, Святы Айцец сустрэнецца з езуітамі, якія працуюць на Мальце, а затым наведае Гроту святога Паўла ў рабацкай базыліцы. Пасля ён адправіцца ў горад Фларыяна, дзе ўзначаліць святую Імшу і малітву Анёл Панскі на плошчы перад касцёлам святога Публія. Апошнім пунктам візіту стане сустрэча з мігрантамі ў Цэнтры імя Яна XXIII.