Папа прысвеціць Расію і Украіну Беззаганнаму Сэрцу Марыі
Аляксандр Амяльчэня – Vatican News
Маці Божая падчас аб’яўлення 13 ліпеня 1917 года ў Фаціме прасіла аб прысвячэнні Расіі Яе Беззаганнаму Сэрцу, заяўляючы, што, калі гэтая просьба не будзе прынята, Расія працягне распаўсюджваць “свае памылкі па ўсім свеце, спрыяючы войнам і пераследу”.
Пасля аб'яўленняў у Фаціме было некалькі такіх набажэнстваў. Пій XII, 31 кастрычніка 1942 года, прысвяціў увесь свет, а 7 ліпеня 1952 года – народы Расіі, Беззаганнаму Сэрцу Марыі ў Апостальскім лісце Sacro vergente. Павел VI, 21 лістапада 1964 года, аднавіў прысвячэнне Расіі Беззаганнаму Сэрцу ў прысутнасці айцоў Другога Ватыканскага Сабору.
Ян Павел II прачытаў малітву прысвячэння ў базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ 7 чэрвеня 1981 года, ва ўрачыстасць Пяцідзясятніцы. Затым, каб больш поўна адказаць на просьбу Маці Божай, у Святы Год Адкуплення ён здзейсніў акт прысвячэння 7 чэрвеня 1981 года і паўтарыў яго ў Фаціме 13 мая 1982 года. Ва ўрачыстасць Звеставання, 25 сакавіка 1984 года, на плошчы святога Пятра, у духоўным саюзе з усімі біскупамі свету, Ян Павел ІІ даверыў усе народы Беззаганнаму Сэрцу Марыі.
У чэрвені 2000 года Святы Пасад раскрыў трэцюю частку Фацімскай таямніцы, і тагачасны сакратар Кангрэгацыі Веравучэння, арцыбіскуп Тарчызіа Бэртонэ падкрэсліў, што сястра Люцыя ў лісце ад 1989 года асабіста пацвердзіла, што гэты ўрачысты і паўсюдны акт прысвячэння адпавядае таму, чаго хацела Маці Божая: “Так, гэта было зроблена так, як прасіла Маці Божая 25 сакавіка 1984 года”, - напісала яна.