Папа сустрэўся са школьнікамі і маліўся з імі за Украіну
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Раніцай 16 сакавіка 2022 года каля 2 тысяч школьнікаў сабраліся ў базыліцы святога Пятра ў Ватыкане.
Звяртаючыся да маладых пілігрымаў, Пантыфік запрасіў іх не забывацца пра “шматлікіх дзяцей і падлеткаў, якія жывуць ва ўмовах вайны і сёння пакутуюць ва Украіне”. “Яны такія ж, як і мы, як і вы”, - звярнуў увагу Папа. “У вас наперадзе будучыня, сацыяльныя гарантыі, патрэбныя для сталення ў мірным грамадстве. А яны, нават самыя маленькія, вымушаны ўцякаць ад бомбаў, многія пакутуюць ад холаду”, - дадаў ён.
“Няхай кожны з нас падумае пра гэтых дзяцей, пра гэтых падлеткаў, якія сёння пакутуюць за 3 тысячы кіламетраў. І давайце маліцца. Я прамоўлю малітву, а вы маліцеся са мной у сваім сэрцы і думках”, - запрасіў Святы Айцец.
“Пане Езу, я малюся за дзяцей і падлеткаў, якія жывуць пад бамбардзіроўкамі, якія бачаць гэтую страшную вайну, якім няма чаго есці, якія вымушаны ўцякаць, пакідаючы свой дом і ўсё, што ў іх ёсць... Пане Езу, паглядзі на гэтых дзяцей і падлеткаў, абараняй іх, яны – ахвяры ганарыстасці нас, дарослых”, - маліўся Францішак.
Папа папрасіў школьнікаў запомніць два важныя для сапраўднага сталення паняцці: “саўдзельніцтва і сардэчнае прыняцце”. “Не стамляйцеся сталець разам з людзьмі, якія жывуць побач: школьнымі сябрамі, бацькамі, бабулямі і дзядулямі, выхавальнікамі. Патрэбна “каманда” для сталення не толькі ў ведах, але і ў пляценні сувязей, каб ствараць грамадства больш салідарнае і братэрскае. Мір, які нам так патрэбны, ствараецца рамесным спосабам. Няма машын для вырабу міру”, - адзначыў Францішак, тлумачачы першае паняцце.
Гаворачы пра “сардэчнае прыняцце”, Папа заўважыў, што “сённяшні свет ставіць шмат бар'ераў паміж людзьмі, а іх вынікам з’яўляюцца выключэнне і непрыняцце”. “Існуюць бар'еры паміж дзяржавамі, паміж сацыяльнымі групамі, але і паміж асобнымі людзьмі. І часта нават тэлефон, на які вы ўвесь час глядзіце, становіцца мяжой, што ізалюе вас у навакольным свеце. Як цудоўна замест гэтага глядзець людзям у вочы, слухаць іх гісторыі і прымаць іх сутнасць; наладжваць праз сяброўства масты з братамі і сёстрамі розных традыцый, этнічных груп і рэлігій. Толькі так мы пабудуем з Божай дапамогай будучыню міру і надзеі”, - растлумачыў Святы Айцец сваіх маладым гасцям.