Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Папа: трагедыі ХХ стагоддзя не сталі ўрокам для істэблішменту

Трэба, каб палітыка і эканоміка ў пастаянным дыялогу адна з адной служылі жыццю чалавека і жыццю стварэння, - адзначыў Папа 14 сакавіка 2022 года ў Ватыкане.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сустракаючыся з прадстаўнікамі асацыяцыі Душа за сацыяльнае ў карпаратыўных каштоўнасцях (Anima per il sociale nei valori d'impresa), Францішак адзначыў, што яшчэ вялікі фінансавы крызіс 2007-2008 гадоў павінен быў падштурхнуць свет у гэтым кірунку. Але адэкватнай рэакцыі не было, і сёння свет у асноўным працягвае кіравацца састарэлымі крытэрыямі.

У пацвярджэнне гэтаму ён спаслаўся на геапалітычна-ваенную сферу, “дзе рэгіянальныя войны і асабліва вайна, якая працягваецца ва Украіне, паказваюць, што тыя, хто кіруе лёсамі народаў, яшчэ не зразумелі ўрока трагедый ХХ стагоддзя”.

Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі асацыяцыі Anima per il sociale nei valori d'impresa
Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі асацыяцыі Anima per il sociale nei valori d'impresa

“Вы, якія ў асноўным прадстаўляеце рэальнасць малых і сярэдніх прадпрыемстваў, добра ведаеце, наколькі складана ў гэтым кантэксце развіваць і ствараць працоўныя месцы ў адпаведнасці з этычнымі каштоўнасцямі і сацыяльнай адказнасцю. Але мы не павінны падаць духам і змірыцца. Некаторыя лічаць, што этычныя і сацыяльныя крытэрыі – гэта як “клетка”, якая абмяжоўвае свабоду і эканамічную творчасць. На самой справе ўсё наадварот, ці, прынамсі, можа быць наадварот. Насамрэч, калі мы хочам, каб будучы свет быў прыдатным для жыцця і годным чалавека, эканоміка павінна стаць свабоднай ад улады фінансаў і больш крэатыўна шукаць формы вытворчасці, арыентаваныя на інтэгральную экалогію. Глабалізацыяй трэба “кіраваць”, каб глабальнае не ішло на шкоду мясцоваму, і каб гэтыя два вымярэнні знаходзіліся ў дабрадзейнай і плённай сувязі”, - звярнуў увагу Пантыфік.

Францішак папрасіў сваіх гасцей не паддавацца песімізму з прычыны дамінацыі гігантаў фінансавай і тэхнакратычнай улады. Ён лічыць, што “стварэнне новай эканомікі, якая з павагай ставіцца да чалавечай годнасці і навакольнага асяроддзя, можна і трэба пачынаць знізу”.

Напрыканцы ён даў прадпрымальнікам духоўную параду: “калі вы хочаце быць “душой” у дзелавым свеце, не грэбуйце клопатам пра сваю душу, тую, што дае нам Бог”. Для гэтага трэба ўмець адыходзіць ад спраў і знаходзіць час для рэфлексіі над жыццём.
 

14 сакавіка 2022, 12:45