Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: вайна супраць Украіны – блюзнерская і бесчалавечная

Падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая прайшла 20 сакавіка 2022 года ў Ватыкане, Францішак зноў скіраваў рашучы заклік з асуджэннем вайны Расіі супраць Украіны.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Дарагія браты і сёстры, на жаль, не спыняецца гвалтоўная агрэсія супраць Украіны, бессэнсоўная бойня, падчас якой спусташэнні і зверствы здзяйсняюцца кожны дзень. Гэтаму няма ніякага апраўдання. Я заклікаю ўсіх удзельнікаў міжнароднай супольнасці па-сапраўднаму прыкласці намаганні, каб спыніць гэту агідную вайну.

На гэтым тыдні ракеты і бомбы таксама падалі на мірных жыхароў, на пажылых людзей, на дзяцей і цяжарных маці. Я адведаў параненых дзяцей, якія знаходзяцца тут, у Рыме: у аднаго няма рукі, іншы – з  параненай галавой. Нявінныя дзеці... Я думаю пра мільёны ўкраінскіх бежанцаў, вымушаных уцякаць, пакідаючы ўсё, і адчуваю глыбокі боль за тых, хто не мае магчымасці ўратавацца. Вельмі шмат бабуль і дзядуль, хворых і бедных, разлучаных са сваімі блізкімі, вельмі шмат дзяцей і ўразлівых людзей, застаюцца гінуць пад бомбамі, не маючы магчымасці атрымаць дапамогу і знайсці бяспеку нават у бамбасховішчах.

Усё гэта бесчалавечна, і больш за тое, з'яўлецца блюзнерствам, бо здзяйсняецца супраць святасці чалавечага жыцця, асабліва супраць безабароннага чалавечага жыцця, якое трэба паважаць, абараняць, а не знішчаць, і якое знаходзіцца па-над якімі-кольвечы стратэгіямі. Давайце не будзем забываць: гэта бесчалавечная і блюзнерская жорсткасць”, - сказаў Папа, заклікаючы памаліцца ў цішыні за людзей, якія пакутуюць.

“Мяне суцяшае, што людзі, якія засталіся пад бомбамі, не пазбаўлены блізкасці пастыраў, якія ў гэтыя трагічныя дні жывуць згодна з Евангеллем любові і братэрства. Я чуў некаторых з іх па тэлефоне: яны блізкія да Божага народу. Дзякую, дарагія браты, дарагія сёстры за гэта сведчанне, за канкрэтную падтрымку, якую з адвагай аказваеце многім людзям у роспачы”, - сказаў Пантыфік.

Францішак нагадаў таксама пра Апостальскага нунцыя ва Украіне, арцыбіскупа Вісвальдаса Кульбокаса, які застаўся ў Кіеве разам са сваімі супрацоўнікамі, каб праз сваю прысутнасць кожны дзень набліжаць Папу да спакутаванага ўкраінскага народа.

“Давайце будзем блізкімі да гэтага мучаніцкага народу і абдымем яго з любоўю, праз канкрэтныя высілкі і малітву. Калі ласка, давайце не будзем прызвычайвацца да вайны і насілля!”, - сказаў Пантыфік, заклікаючы працягваць велікадушна прымаць украінскіх бежанцаў, таксама ў наступныя тыдні і месяцы. Францішак заклікаў асаблівым чынам абараніць украінскіх дзяцей і жанчын, якіх, беспрацоўных і разлучаных са сваімі мужамі, будуць шукаць “сцярвятнікі” грамадства.

“Запрашаю ўсе супольнасці і ўсіх вернікаў з’яднацца са мной у пятніцу, 25 сакавіка, ва Урачыстасць Звеставання Пана, у здзяйсненні ўрачыстага чыну прысвячэння чалавецтва, асабліва Расіі і Украіны, Беззаганнаму Сэрцу Марыі, каб Яна, Уладарка супакою, прынесла супакой у свет”, - заахвоціў на заканчэнне свайго звароту Пантыфік.

20 сакавіка 2022, 13:11