Пошук

Пантыфік: неабходны саюз паміж пакаленнямі

Глядзець на старасць як на рэсурс і адкрыць у павольнасці пажылых людзей прыгажосць розных перыядаў чалавечага жыцця, - заклікаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 2 сакавіка 2022 года прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаных старасці, Францішак прапанаваў паразважаць пра даўгалецце і важнасць узаемнай падтрымкі паміж пакаленнямі. Ён спаслаўся на кнігу Быцця, у якой гаворыцца, што старазапаветныя патрыярхі жылі на працягу стагоддзяў пасля таго, як сталі бацькамі сваіх дзяцей. Гэта, паводле Папы, “мае глыбокае сімвалічнае значэнне”.

Пантыфік заўважыў, што самыя раннія моманты чалавечай гісторыі патрабавалі “павольнай і працяглай ініцыяцыі”, бо людзям, створаным на “вобраз і падабенства Бога”, але пазначаным “уразлівасцю смяротнага жыцця”, патрабавалася ўзаемная падтрымка, каб “расшыфраваць досвед і пазнаць таямніцы жыцця”.

Папа заўважыў, што сёння наша існаванне суправаджаецца празмернай хуткасцю, таму маладыя людзі маюць патрэбу ў падтрымцы мудрасці пажылых людзей, што ўжо асэнсоўваюць шкоду, якую наносіць паспешлівасць. Францішак дадаў, што старасць, безумоўна, мае больш павольны рытму жыцця, але яна не з’яўляецца перыядам бяздзейнасці. Калі паміж пакаленнямі будзе падзел, тады гэты рытм застанецца закрытым для ўсіх, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што разуменню гэтага павінен спрыяць Сусветны дзень дзядуль, бабуль і пажылых людзей, які ён устанавіў у Касцёле.

“Саюз паміж двума крайнімі пакаленнямі жыцця – дзецьмі і пажылымі – дапамагае таксама і двум іншым – моладзі і дарослым – наблізіцца адно да аднаго, каб зрабіць жыццё кожнага чалавека больш багатым чалавечнасцю”, - падкрэсліў Францішак.

Святы Айцец заклікаў садзейнічаць сустрэчы паміж пакаленнямі, бо “калі не будзе дыялогу паміж моладдзю і пажылымі”, кожнае пакаленне застанецца ізаляваным: моладзь не будзе атрымліваць сілы ад каранёў, якімі з’яўляюцца іх бабулі і дзядулі.

Францішак падкрэсліў, што дыялог паміж пакаленнямі – гэта чалавечая неабходнасць, асабліва калі гаворка ідзе пра дыялог паміж бабулямі, дзядулямі і іх унукамі. Папа зазначыў таксама, што сучаснае грамадства “спісвае ва ўтыль многіх нежаданых дзяцей і многіх пажылых”, ізалюючы іх у прытулках ці дамах састарэлых. На думку Пантыфіка, неабходна мудрасць, каб “губляць час” з дзецьмі, унукамі, але таксама з пажылымі людзьмі, бо ўсе яны ўмацоўваюць чалавечую сям’ю і даюць іншую здольнасць бачыць жыццё.

Клопат пра пажылых людзей, паводле Папы, “вяртае ўсім любоў да нашага ўразлівага жыцця”. “Рытмы старасці – гэта неад’емны рэсурс для разумення сэнсу жыцця, пазначанага часам”, а таксама дапамагаюць разумець, што напрамак жыцця скіраваны да Бога, - дадаў ён.

Паводле Святога Айца, той факт, што чалавечае жыццё цяпер становіцца даўжэйшым, “дае нам магчымасць паглыбіць саюз паміж усімі перыядамі жыцця, а таксама з сэнсам жыцця ва ўсёй яго паўнаце”. Францішак сцвердзіў, што саюз паміж пакаленнямі з’яўляецца неад’емным, бо грамадства без дыялогу паміж маладымі і пажылымі будзе без плёнаў і будучыні.

02 сакавіка 2022, 11:45

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >