Святы Айцец распачаў перыяд велікапосных рэкалекцый
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Падчас сустрэчы з вернікамі на нядзельнай малітве Анёл Панскі Святы Айцец адзначыў, што ў часе рэкалецый разам са сваімі бліжэйшымі супрацоўнікамі будзе маліцца аб патрэбах Касцёла і ўсёй чалавечай сям’і. “Таксама і вы, калі ласка, маліцеся за нас”, - заклікаў Пантыфік.
З прычыны пандэміі каронавіруса, таксама і сёлета велікапосныя рэкалекцыі для Папы і супрацоўнікаў Рымскай курыі не праходзяць у звычайным фармаце. Падчас пантыфікату Францішка яны адбываліся ў Арычы, недалёка ад Рыма.
Святы Айцец запрасіў кардыналаў, якія пражываюць у Рыме, кіраўнікоў дыкастэрый і кіраўнічы персанал Рымскай курыі да правядзення асабістых духоўных практыкаванняў, прысвячаючы час на малітву і разважанні з нядзелі 6 па пятніцу 11 сакавіка 2022 года. У гэтыя дні не будзе публічных мерапрыемстваў з удзелам Папы, у тым ліку агульнай аўдыенцыі ў сераду 9 сакавіка.