Кардынал Паралін здзейсніў афіцыйны візіт у Мексіку
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца наведаў лацінаамерыканскую краіну ўжо ў другі раз за апошнія дзесяць месяцаў. Падарожжа было прымеркавана да 30-годдзя аднаўлення дыпламатычных адносін паміж Мексікай і Апостальскай Сталіцай.
У рамках пілігрымкі іерарх цэлебраваў святую Імшу ў марыйным санктуарыі ў Гуадалупэ, падчас якой удзяліў біскупскае пасвячэнне мансеньёру Хаўеру Эрэру Кароне, новапрызначанаму нунцыю ў Конга і Габоне, а таксама літургію ў катэдральным касцёле ў Мехіка. Кардынал Паралін сустрэўся з рознымі групамі мексіканскай касцёльнай супольнасці і ўзначаліў адкрыццё генеральнай асамблеі мясцовага епіскапату.
26 красавіка Дзяржсакратар правёў перамовы з Прэзідэнтам Мексікі Андрэсам Мануэлем Лопесам Абрадорам, а затым, у рамках святкавання 30-годдзя аднаўлення дыпламатычных адносін, выступіў на сімпозіуме на тэму “Адкрытая свецкасць і рэлігійная свабода”, арганізаваным нунцыятурай. У форуме бралі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, навукоўцы, рэктары дзяржаўных і прыватных універсітэтаў, прадпрымальнікі, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса і епіскапату. На палях канферэнцыі адбылася сустрэча ватыканскага іерарха з Міністрам замежных спраў Мексікі Марсэлам Эбрардам Касабонам.
У сваім дакладзе кардынал Паралін нагадаў, што хрысціянства датычыць не толькі асабістага жыцця чалавека, але таксама фарміруе яго спосаб дзеяння ў іншых сферах жыцця і грамадства. Ён заўважыў, што на працягу стагоддзяў Евангелле натхняла філасофію, палітыку, права і эканоміку. Хрысціянскае вучэнне паспрыяла фармаванню палітычных і эканамічных поглядаў сучасных дэмакратычных грамадстваў, дзякуючы такім паняццям як вызваленне ад розных форм няволі, гарантаванне сацыяльнай справядлівасці, а таксама тэалагічнаму паняццю асобы і яе святасці.
Дзяржсакратар адзначыў, што там, дзе Касцёл выконвае сваю душпастырскую дзейнасць, спрыяючы грамадскай гармоніі і пошуку агульнага дабра, ён з’яўляецца каштоўным супрацоўнікам дзяржаваў. На яго думку, “пазітыўная свецкасць” заключаецца ў пераадоленні магчымых непаразуменняў паміж дзяржавай і Касцёлам праз узаемнае прызнанне іх ролі і каштоўнасцей, якія яны пакліканы несці грамадству. Для гэтага фундаментальнае значэнне мае павага да рэлігійнай свабоды, - падкрэсліў бліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка.