Пошук

Падчас сустрэчы Францішка і Кірыла ў Гаване. 2016 год Падчас сустрэчы Францішка і Кірыла ў Гаване. 2016 год 

Францішак да Кірыла: давайце станем міратворцамі для Украіны

“Мы адчуваем увесь цяжар пакут нашай чалавечай сям’і, раздушанай насіллем, вайной і вялікай колькасцю несправядлівасці”, - напісаў Папа ў пасхальным лісце Патрыярху Маскоўскаму.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Дарагі брат! Няхай Дух Святы пераменіць нашы сэрцы і зробіць нас сапраўднымі міратворцамі, асабліва для Украіны, ахопленай вайной, каб вялікі пасхальны пераход ад смерці да новага жыцця ў Хрысце стаў рэальнасцю для ўкраінскага народа, які прагне новага світанку, што пакладзе канец цемры вайны”, - гэта цэнтральны фрагмент ліста, які Францішак накіраваў Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Кірылу з нагоды Вялікадня, што адзначаўся 24 красавіка 2022 года паводле юліянскага календара.

Кароткае пасланне з добрымі пажаданнямі Папа накіраваў таксама іншым Патрыярхам Усходніх Цэркваў. У ім Францішак падкрэсліў, што ў гэты час “мы адчуваем увесь цяжар пакут нашай чалавечай сям’і, раздушанай насіллем, вайной і вялікай колькасцю несправядлівасці”. Нягледзячы на гэта, напісаў ён, “мы па-ранейшаму ўспрымаем з удзячным сэрцам той факт, што Пан узяў на сябе ўсё зло і ўвесь боль нашага свету”.

“Смерць Хрыста стала пачаткам новага жыцця, вызваленнем ад путаў граху і нагодай для нашай велікоднай радасці, якая адкрыла ўвесь шлях ад ценю цемры да святла Божага Валадарства", - сцвердзіў Пантыфік. Ён запрасіў Патрыярхаў маліцца адзін за аднаго і “несці надзейнае сведчанне аб евангельскім пасланні ўваскрослага Хрыста і Касцёле як паўсюдным сакрамэнце збаўлення”, каб “усе маглі ўвайсці ў Валадарства справядлівасці, міру і радасці ў Духу Святым”.

У нядаўнім інтэрв’ю аргентынскай газеце La Nacion Францішак паведаміў аб сваім шкадаванні з прычыны немагчымасці правесці другую сустрэчу з Патрыярхам Кірылам, якая была запланавана на чэрвень у Іерусаліме. Ён прызнаўся, што дыпламатыя Святога Пасаду палічыла, што такая сустрэча ў цяперашні час можа прывесці да блытаніны. Як вядома, Папа і Патрыярх Маскоўскі сустрэліся толькі аднойчы ў 2016 годзе на Кубе, у зале аэрапорта Гаваны, дзе падпісалі сумесную дэкларацыю.
 

25 красавіка 2022, 11:39