Пошук

Францішак падчас візіту ў цэнтр імя Яна ХХІІІ Францішак падчас візіту ў цэнтр імя Яна ХХІІІ 

Францішак перасцярог ад цывілізацыйнай катастрофы – абыякавасці

Гуманна абыходзіцца з мігрантамі, - заклікаў Пантыфік 3 красавіка 2022 года ў Халь-Фар, сустракаючыся з падапечнымі, персаналам і валанцёрамі цэнтра імя Яна ХХІІІ.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“За гэтыя гады тысячы мужчын, жанчын і дзяцей перажылі караблекрушэнне ў Міжземным моры. І, на жаль, для многіх з іх гэта была трагедыя, але адбываецца таксама катастрофа іншага роду: гэта цывілізацыйная катастрофа, якая пагражае не толькі бежанцам, але і ўсім нам. Як абараніць сябе ад гэтай катастрофы, што пагражае патапіць карабель нашай цывілізацыі? Дзейнічаючы па-чалавечы. Глядзець на людзей не як на лічбы, а як на тых, кім яны ёсць, (...) на іх твары, гісторыі, проста як на людзей, братоў і сясцёр”, - звярнуўся Францішак.

Папа адзначыў, што гісторыі мальтыйскіх мігрантаў нагадваюць лёс тысяч людзей, якія ў апошні час беглі ад вайны ва Украіне, але таксама многіх іншых асоб, якія былі вымушаны пакінуць свае дамы і пасяліцца ў Азіі, Афрыцы і Амерыцы. “Зараз я адрасую свае думкі і свае малітвы ўсім ім”, - прызнаўся ён.

Цэнтры прыёму мігрантаў павінны быць месцамі чалавечнасці, - нагадаў Святы Айцец. “Мы ведаем, што гэта цяжка, ёсць так шмат фактараў, якія падаграваюць напружанасць і строгасць. (...) Гэта патрабуе часу, шмат цярпення і, перш за ўсё, любові, якая выяўляецца ў блізкасці, пяшчоце і спачуванні, як і любоў Бога да нас”, - адзначыў ён.

Францішак падзяліўся сваёй марай аб тым, каб самі мігранты, перажыўшы “багаты чалавечнасцю і братэрствам прыём”, некалі “сталі сведкамі і аніматарамі прыёму і братэрства”.

У падыходзе да мігрантаў трэба пачынаць з людзей і іх годнасці, - падкрэсліў Пантыфік. “Няхай нас не падманваюць тыя, хто кажа: “Мы нічога не можам зрабіць”, “гэтыя праблемы нас пераўзыходзяць”, “я буду займацца сваімі справамі, а іншыя няхай вырашаюць свае праблемы”. Не! Давайце не трапляць у гэтую пастку. Давайце адкажам на выклік мігрантаў і бежанцаў стылем дабрыні, запалім агонь братэрства, вакол якога людзі змогуць сагрэцца, падняцца, запаліць надзею. Давайце будзем развіваць тканіну сацыяльнага сяброўства і культуру сустрэчы, пачынаючы з такіх месцаў, якія, магчыма, не дасканалыя, але з'яўляюцца “майстэрнямі міру”, - заклікаў Францішак падчас знаходжання ў мальтыйскім цэнтры прыёму ўцекачоў.

Гэты быў апошні пункт праграмы яго падарожжа на Мальту.
 

03 красавіка 2022, 17:58