Пошук

Аўдыенцыя для карэнных народаў Канады Аўдыенцыя для карэнных народаў Канады 

Францішак пацвердзіў намер наведаць Канаду

1 красавіка 2022 года Папа прыняў на аўдыенцыі дэлегацыі карэнных народаў Канады, з якімі паасобна сустракаўся ў мінулыя дні. Ён пацвердзіў намер наведаць сёлета гэту краіну.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак адзначыў каштоўнасць сувязі паміж пакаленнямі ў карэнных народаў, што дапамагае ім “не змарнаваць памяць” і “захаваць тоеснасць”, а гэта зробіць чалавецтва лепшым. Ён заўважыў, што карэнныя народы Амерыкі з’яўляюцца “галінамі дрэва з глыбокімі каранямі” і разумеюць сваю тэрыторыю “не як рэсурс, які трэба эксплуатаваць, але як нябесны дар”.

Гэта “дрэва”, аднак, пазнала трагедыю выраканення – ланцуг перадачы ведаў быў перарваны каланізацыяй, якая вырвала карэнныя народы з іх арэалу жыцця і намагалася знішчыць іх выключную тоеснасць, - сказаў Пантыфік, падкрэсліваючы, што спробы ідэалагічнай каланізацыі працягваюць здзяйсняцца дагэтуль.

Святы Айцец заўважыў, што падчас сустрэч з дэлегацыямі карэнных народаў Канады пачуў пра пакуты, нястачы, дыскрымінацыйныя адносіны і розныя формы злоўжыванняў, якія яны спазналі, асабліва ў так званых рэзідэнцыйных школах. Усё гэта выклікае абурэнне і сорам, бо супярэчыць Евангеллю Езуса і з’яўляецца яго антысведчаннем, - дадаў Папа. Ён папрасіў у сваіх гасцей прабачэння за ганебныя паводзіны прадстаўнікоў Касцёла, якія нанеслі ім гэтыя раны, прызнаўшыся, што адчувае глыбокі боль з гэтай прычыны.

Пантыфік узгадаў таксама пра шматлікіх вернікаў, якія евангелізавалі карэнныя народы і ўзбагацілі іх гісторыю Евангеллем. Ён заўважыў, што сярод індзейцаў Канады шырока распаўсюджаны культ святой Ганны, бабулі Езуса, літургічны ўспамін якой адзначаецца ў Касцёле 26 ліпеня. “У гэтыя дні і хацеў бы быць сярод вас”, - прызнаўся Францішак.

01 красавіка 2022, 13:57