Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак памоліцца аб міры разам з італьянскімі падлеткамі

Каля 50 тысяч юнакоў і дзяўчат з усёй Італіі сустрэнуцца з Папам у велікодны панядзелак, Іх будуць суправаджаць каля 60 біскупаў, дзясяткі святароў, законнікаў і законніц, катэхетаў і лідараў каталіцкіх асацыяцый і рухаў.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

18 красавіка 2022 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане адбудзецца першая буйная сустрэча Францішка з моладдзю ад пачатку пандэміі. Форум пад дэвізам #Seguimi (Ідзі за мной) арганізаваны Канферэнцыяй Біскупаў Італіі. На ім збяруцца маладыя вернікі ва ўзросце ад 12 да 17 гадоў.

Сустрэча распачнецца апоўдні ўдзелам падлеткаў у малітве Уладарка Неба, якую Папа правядзе ў Ватыкане. Затым яны будуць мець вольны час. Вечарам на плошчы святога Пятра для юнакоў і дзяўчат распачнецца святочная праграма з адмысловымі відэаролікамі, музычнай часткай і сведчаннямі.

Маладыя людзі выслухаюць разважанні сваіх аднагодак пра евангельскае апавяданне пра аб’яўленне Уваскрослага Езуса вучням каля Тыберыядскага мора (Ян 21,1-19). Затым перад абразом Маці Божай Апякункі рымскага народа Святы Айцец узначаліць малітву за мір для ўсяго чалавецтва і звернецца да ўдзельнікаў сустрэчы з прамовай.

18 красавіка 2022, 12:54