Францішак ухваліў дэкрэты Кангрэгацыі па справах кананізацыі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Дэкрэт аб прызнанні цуду датычыць благаслаўлёнага Артэміда Дзаці (1880-1951), італьянскага свецкага верніка з Таварыства святога Францішка Сальскага. Дзякуючы малітве праз яго заступніцтва адбылося цудоўнае аздараўленне цяжка хворага мужчыны на Філіпінах.
Дакумент аб прызнанні мучаніцтва тычыцца двух італьянскіх дыяцэзіяльных святароў: ксяндза Джузэпэ Бэрнардзі і ксяндза Марыё Гібаўда, забітых з нянавісці да веры 19 верасня 1943 года падчас карнай аперацыі нацыстаў супраць мірнага насельніцтва ў італьянскім горадзе Бовес.
Яшчэ сем дэкрэтаў прызнаюць гераічнасць цнот: іспанскага законніка Марціна Фульгенцыя Элорза Легарысці (1899-1966) з кангрэгацыі Мукі Езуса Хрыста, першага біскупа прэлатуры Маябамбы ў Перу; італьянскага законніка Франчэска Кастанціна Мазіеры (1889-1983) з Ордэна Меншых Братоў Канвентуальных; французскай законніцы Люсіі Жаржыны Нуарэ (1832-1899), заснавальніцы кангрэгацыі Служак Найсвяцейшага Сэрца Езуса пад абаронай святога Юзафа; польскай законніцы Казіміры Грушчынскай (1848-1927), заснавальніцы кангрэгацыі Сясцёр Францішканак ад Церпячых; іспанскай свецкай верніцы Аўроры Кальвы Эрнандэс-Агіеры (1901-1933); польскай свецкай верніцы Разаліі Цэляк (1901-1944); і італьянскай свецкай верніцы Марыі Арыстэі Чэкарэлі (1883-1971).