Пантыфік пажадаў вернікам прыняць праўду аб Божым прабачэнні
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"На гэтым тыдні давайце прымем праўду, што Бог можа прабачыць кожны грэх, пераадолець кожную адлегласць, ісціну, што з Езусам заўсёды ёсць месца для кожнага; што з Езусам нічога не скончана, ніколі не позна. З Богам заўсёды можна прыйсці назад да жыцця. Пойдзем да Пасхі з Яго прабачэннем. Паколькі Хрыстус пастаянна заступаецца за нас перад Айцом. Гледзячы на наш агрэсіўны і паранены свет, Ён не стамляецца паўтараць: Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць”, - напісаў Папа ў сацыяльнай сетцы.
Францішак традыцыйна ўзначаліць набажэнствы Святога Пасхальнага Трыдуума. У Вялікі чацвер, 14 красавіка 2022 года, ён будзе цэлебраваць Імшу Хрызма ў базыліцы святога Пятра. На наступны дзень, у Вялікую пятніцу, Святы Айцец узначаліць літургію Мукі Пана, а затым адправіцца ў рымскі Калізей, дзе правядзе набажэнства Крыжовага шляху. У суботу вечарам, у ватыканскай базыліцы, Францішак узначаліць цэлебрацыю Велікоднай вігіліі, а ў Велікодную Нядзелю – Эўхарыстыю ў базыліцы святога Пятра, пасля якой скіруе пасланне і ўдзеліць благаслаўленне Urbi et Orbi.