Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік прыняў дэлегацыю канадскіх метысаў

Папа прыняў чарговую групу карэнных жыхароў Канады. У рамках працэсу прымірэння з ахвярамі сексуальнага насілля ў каталіцкіх школах-інтэрнатах, ён сустрэўся з дэлегацыяй метысаў з Манітобы.

Ян Глінскі – Vatican News

Федэрацыя метысаў з Манітобы (MMF) з’яўляецца афіцыйным прадстаўніком палітычнай супольнасці метысаў з гэтага рэгіёна. Перад аўдыенцыяй, якая прайшла 21 красавіка 2022 года, старшыня арганізацыі Дэвід Чартрэнд паведаміў аб намеры запрасіць Пантыфіка ў Канаду, каб там Святы Айцец благаславіў магілу Луі Рыэля, лідара і абаронцы правоў канадскіх метысаў, аднаго з заснавальнікаў правінцыі Манітоба.

“Я спадзяюся, што мне ўдасца пераканаць Папу, каб ён прыехаў у Канаду і благаславіў магілу чалавека, які аддаў усё, і не толькі для нашага народа, але таксама для Касцёла”, - адзначыў Чартрэнд.

У сустрэчы, між іншым, прыняў удзел Эндру Кар’е, намеснік старшыні федэрацыі метысаў у Вініпегу, які ў сямігадовым узросце стаў ахвярай сексуальнага выкарыстання з боку духоўнай асобы ў адной са школ-інтэрнатаў для канадскіх індзейцаў.

Серыя ватыканскіх сустрэч карэнных жыхароў Канады некалькі разоў адкладалася з прычыны пандэміі. Папярэднія аўдыенцыі адбыліся ў канцы сакавіка – пачатку красавіка.

“Я адчуваю смутак і сорам з-за ўдзелу католікаў у тым, што вас раніла, асабліва асобаў, адказных за адукацыю. Тое, што яны рабілі, супярэчыць Евангеллю Езуса Хрыста, - казаў Францішак 1 красавіка. – За паводзіны гэтых членаў Каталіцкага Касцёла я прашу ў Бога прабачэння і хачу вам сказаць ад усяго сэрца: мне вельмі прыкра. Я далучаюся да маіх братоў, канадскіх біскупаў, просячы вас аб дараванні. Сутнасць веры нельга перадаваць спосабам, які супярэчыць самой веры. Гэта жахліва, калі ў імя веры даецца сведчанне, нязгоднае з Евангеллем. Я маю надзею, што наша сустрэча пакажа нам новыя шляхі, якімі мы будзем ісці разам”. “Я прымаю перапрашэнні ад імя майго народа”, - заявіў лідар канадскіх метысаў.
 

22 красавіка 2022, 08:58