Пошук

Аўдыенцыя для членаў Papal Foundation Аўдыенцыя для членаў Papal Foundation 

Папа падзякаваў дабрачынцам за дапамогу ахвярам вайны

Пантыфік падзякаваў дабрачынцам Papal Foundation (Папскага фонда), якія прыбылі ў Рым у рамках штогадовай пілігрымкі да магілы святога Пятра. Аўдыенцыя адбылася 28 красавіка 2022 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“На працягу многіх гадоў Papal Foundation спрыяла цэласнаму развіццю многіх нашых братоў і сясцёр”, - сказаў Папа, адзначаючы ўклад дабрачынцаў у шматлікія адукацыйныя, дабрачынныя і рэлігійныя праекты, якія дазваляюць Касцёлу “будаваць культуру салідарнасці і міру”.

Францішак падкрэсліў, што фінансавая дапамога накіроўваецца на падтрымку людзей, якія “апынуліся на ўзбочыне грамадства і жывуць у стане матэрыяльнай і часта духоўнай беднасці”, а таксама, перад абліччам “разбуральных наступстваў вайны і іншых канфліктаў”, на аказанне “медыцынскай і гуманітарнай дапамогі ахвярам, бежанцам і тым, хто вымушаны пакінуць сваю радзіму ў пошуку лепшай і больш бяспечнай будучыні для сябе і сваіх блізкіх”.

“Ваша дзейнасць дапамагае канкрэтным чынам несці Евангелле любові, надзеі і міласэрнасці ўсім, хто становіцца бенефіцыянтам вашай шчодрасці і вашых высілкаў. Таму дзякую вам і малюся, каб вы абнавілі ваш запал у служэнні Пану, служачы нашым самым апошнім братам і сёстрам, як навучыў нас сам Езус”, - сказаў Пантыфік.

Францішак нагадаў, што салідарнасць была адметнай рысай Papal Foundation ад самага яе заснавання. “Таму я ведаю, што магу разлічваць на вашу малітву за мяне і за маё служэнне, за патрэбы Касцёла, за распаўсюджванне Евангелля і навяртанне сэрцаў”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Papal Foundation – гэта супольнасць ахвярадаўцаў і спонсараў, заснаваная ў 1988 г. у адказ на жаданне каталіцкага духавенства і свецкіх вернікаў ЗША арганізаваць адмысловую стабільную крыніцу падтрымкі Святога Айца і яго дзейнасці. За час існавання Фонду яго капітал перавысіў 215 млн. долараў, з якіх 121 млн. долараў былі выдзелены на гранты і стыпендыі. Выканаўчы камітэт Фонду складаецца з дзеючых кардыналаў, а таксама кардыналаў-эмерытаў, што пражываюць у ЗША. Штогод члены Папскага фонду арганізуюць пілігрымку ў Рым, падчас якой сустракаюцца са Святым Айцом.
 

28 красавіка 2022, 11:57