Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа да моладзі-місіянераў: сёння ваша чарга, але вы не першыя

Уставаць, клапаціцца і сведчыць – гэтыя дзеясловы з’яўляюцца асноўнымі для сённяшняга місіянера, - лічыць Пантыфік. 23 красавіка 2022 года ён сустрэўся з удзельнікамі Моладзевай місіянерскай канферэнцыі.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

“Слова Езуса і сёння гучыць у сэрцах многіх маладых людзей, і Ён звяртаецца да кожнага з запрашэннем: “Я кажу табе, устань!”. Гэта першае пачуццё місіі, над якім я запрашаю вас паразважаць: Езус дае нам сілы ўстаць і просіць нас вызваліцца ад смерці замыкання ў сабе, ад паралічу эгаізму, ляноты, павярхоўнасці. Гэты параліч ёсць паўсюль. І менавіта ён блакіруе нас і прымушае жыць музейнай, а не моцнай верай, верай, якая больш мёртвая, чым жывая”, - адзначыў Францішак, спасылаючыся на евангельскі фрагмент аб уваскрашэнні Хрыстом сына ўдавы з Наін.

Папа заклікаў маладых місіянераў ставіць свае ўменні і інтэлект на служэнне, падтрымліваць дальнабачныя дабрачынныя праекты. “Сёння ваша чарга, але вы не першыя! Колькі “Добрых самаран” місіянераў перажылі місію, клапоцячыся пра параненых братоў і сясцёр на гэтым шляху! Цяпер ад вас залежыць, як па іх слядах, з іх стылем і метадамі, прыдатнымі для нашага часу, рэалізаваць непаказушную і дзейсную, надзеленую багатым уяўленнем і разумную дабрачыннасць, не эпізадычную, а бесперапынную, здольную суправаджаць людзей на іх шляху аздараўлення і росту. Гэта другі дзеяслоў, які я вам даю: клапаціцца пра братоў. Без эгаізму служыць, дапамагаць”, - звярнуўся да маладых місіянераў Пантыфік.

“Кожны хрысціянін, ахрышчаны ў вадзе і Духу Святым, пакліканы жыць, нібы пагружаны ў шматгадовы Вялікдзень, жыць уваскрослым. Не жыві, як мёртвы, жыві як уваскрослы! Гэты дар не толькі для нас, ён прызначаны для дзялення з усімі. Місія не можа не быць матываваная энтузіязмам дзялення шчасцем з іншымі”, - адзначыў Францішак, прыгадваючы трэці дзеяслоў – “сведчыць”. Папа пераканы, “калі нехта распавядае Евангелле сваім жыццём, яно прабіваецца нават у самыя жорсткія сэрцы”.
 

23 красавіка 2022, 12:38