Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа да спартсменаў: спыняцца і чакаць тых, хто ідзе павольней

Праз спорт трэба пашыраць каштоўнасці здаровай канкурэнцыі, сяброўства і салідарнасці, - адзначыў Папа 9 красавіка 2022 года, сустракаючыся з чальцамі Вяслярнага клуба Tevere Remo, які адзначае 150-годдзе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак лічыць, што сёння існуе патрэба “у распаўсюджванні спартыўнай культуры, якая асэнсоўвае заняткі спортам не толькі як фактар фізічнага здароўя, але як ідэал мужнасці, як інструмент цэласнага росту асобы”.

“Заахвочваю вас дапамагаць дзецям, моладзі і дарослым выхоўваць у сабе праз розныя спартыўныя дысцыпліны асноўныя каштоўнасці: любоў да праўды і справядлівасці, павагу да стварэння, пачуццё прыгажосці і дабра, пошук свабоды і міру”, - звярнуўся Папа.

Ён з жалем заўважыў, што сёння свет спорту “пакутуе ад абумоўленасці логікай прыбытку і раздражнёнай канкурэнцыі”, што можа прыводзіць нават да насілля. Задача спартыўных асацыяцый, лічыць Пантыфік, “сведчыць пра маральную моц спартыўнай дзейнасці, якая, калі вядзецца правільна, дапамагае наладзіць добрыя сяброўскія адносіны і спрыяе пабудове больш мірнага і братэрскага свету, у якім людзі падтрымліваюць і дапамагаюць адно аднаму”.

Францішак пажадаў спартсменам, асабліва юным, “займацца спортам з адданасцю і здаровым спаборніцкім духам”; гэта дапаможа ў будучыні “мужна і сумленна, з радасцю і спакойнай верай супрацьстаяць патрабавальнай гонцы жыцця, спыняючыся цярпліва чакаць тых, хто ідзе павольней і з цяжкасцю”.
 

09 красавіка 2022, 12:00