Пошук

Папа падчас сустрэчы з уладамі і дыпкорпусам на Мальце Папа падчас сустрэчы з уладамі і дыпкорпусам на Мальце 

Папа да ўладаў Мальты аб яе ролі ў падтрымцы міру ў свеце

На ролю Мальты ў міжнароднай супольнасці, а таксама на неабходнасць міру ў свеце, раздзіраным войнамі, у тым ліку канфліктам ва Украіне, - звярнуў увагу Папа падчас сустрэчы з уладамі і дыпкорпусам на Мальце.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святы Айцец спаслаўся на вайну ва Украіне, асуджаючы “анахранічныя прэтэнзіі нацыяналістычных інтарэсаў”, якія яе выклікалі. “У ноч вайны, якая абрынулася на чалавецтва, давайце не дазволім знікнуць мары аб міры”, - заклікаў ён, падкрэсліваючы неабходнасць “у спачуванні і клопаце, а не ў ідэалагічных канцэпцыях і плюралізмах, якія сілкуюцца словамі нянавісці і не маюць у сваім сэрцы жыцця канкрэтнага народа, простых людзей”.

Францішак адзначыў, што, дзякуючы месцазнаходжанню, Мальту можна назваць сэрцам Міжземнага мора. Сваю прамову ён пабудаваў на вобразе ружы вятроў, звяртаючы ўвагу на рознага роду ўплывы на жыццё краіны.

Гаворачы пра вятры з поўначы, Папа звярнуў увагу на ролю Мальты ў Еўропе. Сярод іншага ён падкрэсліў неабходнасць барацьбы з беззаконнем і карупцыяй. Ён таксама ўказаў на важнасць аховы прыроднага асяроддзя чалавека. У кантэксце адносін з Еўрасаюзам ён заклікаў паважаць ідэнтычнасць і карані народа. “Мальта – гэта цудоўная “майстэрня арганічнага развіцця”, дзе прагрэс не азначае адсякання каранёў мінулага ў імя ілжывага дабрабыту, прадыктаванага прыбыткам, патрэбамі і спажывальніцтвам, правам на ўсе правы”, - заўважыў ён 2 красавіка 2022 года, падчас прамовы ў Палацы Вялікага магістра ў Ла-Валеце.

Францішак нагадаў пра цэнтральнае значэнне чалавека. “Асновай трывалага росту з’яўляецца асоба, павага да жыцця і годнасці кожнага мужчыны і жанчыны”, - сказаў ён.

Пераходзячы да паўднёвых вятроў, Святы Айцец узняў пытанне міграцыйнага крызісу, не пакідаючы без увагі цяперашнюю хвалю бежанцаў з разбуранай вайной Украіны, і ўказаў на неабходнасць агульнаеўрапейскага адказу на гэтыя выклікі. “Не дазволім абыякавасці згасіць мару пра сумеснае жыццё!” - заклікаў ён.

Гаворачы пра вецер з Усходу, Францішак спаслаўся на вайну ва Украіне. Ён заклікаў да прасоўвання чалавечага братэрства і да гуманнага падыходу перад абліччам агрэсіўнасці, “пагрозы” працяглай халоднай вайны, якая магла б задушыць жыццё цэлых народаў і пакаленняў. Ён назваў “інфантылізмам” імкненне некаторых да аўтакратыі і новага імперыялізму, што праяўляецца ў шырокай агрэсіі і няздольнасці будаваць масты, думаць пра самых бедных. “Менавіта тут пачынае дзьмуць ледзяны вецер вайны, які і на гэты раз песціўся гадамі”, - адзначыў Папа.

Ён дадаў, што глабальныя праблемы патрабуюць глабальных рашэнняў, і заклікаў вярнуцца да фармату міжнародных мірных канферэнцый, дзе раззбраенне павінна стаць цэнтральнай тэмай на карысць будучых пакаленняў. “І няхай тыя вялізныя сродкі, якія яшчэ выдзяляюцца на ўзбраенне, накіроўваюцца на развіццё, здароўе і харчаванне”, - падзяліўся марай Пантыфік.

Святы Айцец заахвоціў мальтыйскі народ падтрымліваць суіснаванне ў адрозненнях, у якім мае сур’ёзную неабходнасць Блізкі Усход.
 

02 красавіка 2022, 13:54