Святы Айцец маліўся за ахвяр разні ў Бучы і іншых месцах Украіны
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Апошнія навіны з Украіны замест таго, каб прынесці палёгку і надзею, сведчаць аб новых зверствах, такіх як разня ў Бучы: усё больш жахлівая жорсткасць, скіраваная таксама супраць мірных жыхароў, жанчын і безабаронных дзяцей. Яны – ахвяры, чыя нявінная кроў кліча да неба і просіць: Пакладзіце канец гэтай вайне! Прымусьце змоўкнуць зброю! Перастаньце сеяць смерць і разбурэнне! Давайце разам маліцца за гэта!”, - звярнуўся Францішак.
Святы Айцец паказаў паліты крывёй украінскі сцяг, прывезены яму напярэдадні з Бучы. Ён прадставіў групу ўкраінскіх дзяцей, якія прысутнічалі ў Зале Паўла VI, і папрасіў прывітаць іх і памаліцца за іх і разам з імі.
“Гэтыя дзеці былі вымушаны ўцячы і прыехаць на чужыну. Гэта адзін з пладоў вайны. Не забывайма пра іх і не забывайма пра ўкраінскі народ. Цяжка быць вырваным са сваёй зямлі, калі віной усяму – вайна”, - адзначыў Папа.