Пантыфік: мы бачым бяссілле ААН перад абліччам вайны ва Украіне
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Святы Айцец распавёў пра сваё падарожжа на Мальту, якое здзейсніў 2-3 красавіка. Ён адзначыў, што мальтыйцы захавалі “надзвычайную ласкавасць”, з якой прымалі апостала Паўла і яго паплечнікаў, што пацярпелі караблекрушэнне ля берагоў іх вострава. Яна “ўказвае шлях, якім трэба ісці не толькі для вырашэння міграцыйнай праблемы”, але таксама, каб будаваць свет, больш братэрскі і больш прыдатны для жыцця, а таксама, каб уратавацца ад глабальнага “караблекрушэння”, якое пагражае ўсім нам, што знаходзімся ў адной лодцы”. “У гэтай перспектыве Мальта з’яўляецца ключавым месцам”, - дадаў Пантыфік.
Францішак звярнуў увагу на тое, што Мальта знаходзіцца ў сярэдзіне Міжземнага мора, месцы сустрэчы розных народаў і культур. “Сёння часта кажуць пра “геапалітыку”, але, на жаль, логіка, якая пануе, з’яўляецца стратэгіяй самых магутных дзяржаў, якія адстойваюць уласныя інтарэсы шляхам пашырэння зон эканамічнага, ідэалагічнага і ваеннага ўплыву. Мальта, у такім сэнсе, прадстаўляе сабой права і сілу “малых” народаў, але багатых гісторыяй і цывілізацыяй, якія павінны прытрымлівацца іншай логікі: логікі павагі і свабоды, суіснавання адметнасцей, супрацьлеглай логіцы каланізацыі найбольш магутнымі”, - сказаў Папа.
Францішак заўважыў, што пасля Другой сусветнай вайны былі здзейснены спробы закласці асновы новай гісторыі свету, але, на жаль, атрымала працяг старая логіка суперніцтва вялікіх дзяржаў “і падчас цяперашняй вайны ва Украіне мы назіраецца бяссілле Арганізацыі Аб’яднаных Нацый”.
Пантыфік адзначыў, што Мальта з’яўляецца ключавым месцам таксама з пункту гледжання міграцыйнага феномена. Ён распавёў, што падчас свайго падарожжа, сустракаўся са шматлікімі мігрантамі, якія апынуліся на востраве пасля жудасных падарожжаў.
“Мы не павінны стамляцца слухаць іх сведчанні, бо толькі так можам вырвацца са скажонага бачання, якое часта распаўсюджваецца СМІ; толькі так можам убачыць іх абліччы, гісторыі, раны і надзеі. Кожны мігрант – выключны, кожны з’яўляецца асобай, якая мае сваю годнасць, карані і культуру. Кожны з іх – носьбіт багацця, бясконца большага за праблемы, якія можа прадугледжваць яго прыняцце”, - сцвердзіў Святы Айцец.
Францішак заўважыў, што прыняцце мігрантаў павінна быць эфектыўна арганізавана на міжнародным узроўні, бо “міграцыйны феномен не можа быць зведзены да ўзроўню надзвычайнай сітуацыі – ён з’яўляецца знакам нашага часу”, які трэба належна разумець і інтэрпрэтаваць. “Ад нас залежыць ці стане ён знакам канфлікту ці знакам міру”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што ў такім сэнсе Мальта з’яўляцца “лабараторыяй міру” і яна “зможа рэалізаваць сваю місію, калі будзе чэрпаць са сваіх каранёў жыццядайныя сокі братэрства, спагады і салідарнасці”. “Мальтыйскі народ атрымаў гэтыя каштоўнасці разам з Евангеллем, і дзякуючы Евангеллю можа захоўваць іх жывымі”, - дадаў Пантыфік.
Папа падкрэсліў, што прыбыў на Мальту, каб падтрымаць яе народ у веры і адзінстве, бо гэты востраў з’яўляецца ключавым месцам таксама з пункту гледжання евангелізацыі. Ён нагадаў, што Мальта падарыла свету мноства місіянераў, “быццам прабыванне на востраве святога Паўла пасеяла місію ў ДНК мальтыйцаў”. “Таму мой візіт стаў у першую чаргу чынам падзякі Богу і яго святому вернаму народу на Мальце і Гоца”, - дадаў Пантыфік.
Святы Айцец звярнуў увагу на “вятры секулярызацыі і глабалізаванай псеўдакультуры на аснове спажывальніцтва, неакапіталізма і рэлятывізму”, якія здзьмуць на Мальце. Таму, на яго думку, таксама і тут наступіў час для новай евангелізацыі.
Папа нагадаў пра свой візіт у Гроту святога Паўла, дзе маліўся, каб Евангелле магло выліцца на Мальту з першапачатковай свежасцю і ажывіць яе вялікую спадчыну народнай пабожнасці, сімвалам якой з’яўляецца марыйны санктуарый Та’Піну на востраве Гоца”, дзе ён прыняў удзел у малітоўнай сустрэчы.
“Тут я адчуў біццё сэрца мальтыйскага народа, які моцна давярае сваёй Святой Маці. Марыя заўсёды вяртае нас да самага важнага, да Хрыста, укрыжаванага і ўваскрослага для нас, да Яго міласэрнай любові. Няхай Марыя дапаможа нам нанова распаліць полымя веры, дзелячыся агнём Святога Духа, які з пакалення ў пакаленне натхняе радаснае абвяшчэнне Евангелля, бо евангелізацыя – гэта радасць Касцёла!”, - сказаў Пантыфік.
Францішак падзякаваў дзяржаўным і касцёльным уладам Мальты за гасціннасць і малітву, выказваючы пажаданне, каб падарожжа прынесла мальтыйскаму народу багатыя плёны ўсякага дабра.