Пошук

Францішак на прэс-канферэнцыі ў самалёце падчас палёту з Мальты ў Рым Францішак на прэс-канферэнцыі ў самалёце падчас палёту з Мальты ў Рым 

Папа пра верагодны візіт у Кіеў і сустрэчу з Патрыярхам Кірылам

“Ёсць мая пастаянная гатоўнасць, няма адмовы, я гатовы”, - так Францішак адрэагаваў на пытанне журналістаў аб магчымасці паездкі ва Украіну. Яно прагучала 3 красавіка 2022 года ў самалёце падчас палёту з Мальты ў Рым.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Я гатовы зрабіць усё, што павінна быць зроблена, і Святы Пасад, асабліва дыпламатычны бок, кардынал Паралін і арцыбіскуп Галахер, робяць усё, але сапраўды ўсё, хоць не можна апублікаваць усяго таго, што яны робяць, з прычыны асцярожнасці і канфідэнцыяльнасці, але мы на мяжы нашых магчымасцяў. Сярод магчымасцяў – падарожжа. Магчымыя дзве паездкі. Прэзідэнт Польшчы папрасіў мяне аб адной з іх. Гаворка ідзе пра скіраванне кардынала Краеўскага да ўкраінцаў, якіх прынялі ў Польшчы”, - сказаў Пантыфік.

Яшчэ адна паездка – гэта яго асабісты візіт ва Украіну. Ён прызнаўся, што пакуль не ведае калі і як гэта можна ажыццявіць, паколькі ўзнікаюць пытанні: “ці будзе гэта дарэчы і ці прынясе гэта карысць”.

“Акрамя таго, некаторы час разглядалася сустрэча з Патрыярхам Кірылам. Мы над ёй працуем, працуем і думаем пра Блізкі Усход як месца сустрэчы, такая цяпер рэальнасць”, - паведаміў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што яго рэакцыя, перададзеная ўладам з розных бакоў, справа публічная. “Я не двудушны. Заўсёды раблю тое ж самае”, - дадаў ён.

“Кожная вайна нараджаецца з несправядлівасці, заўсёды. Бо існуе заканамернасць вайны. Няма шаблону міру. Напрыклад, інвестыцыі ў куплю зброі. Кажуць: яны патрэбны для абароны. Гэта схема вайны. Калі скончылася Другая сусветная вайна, усе ўздыхнулі: “ніколі больш вайны”, і быў мір. Хваля намаганняў на карысць міру таксама пачалася з добрай волі, каб пасля Хірасімы і Нагасакі не перадаваць зброю, у тым выпадку ядзерную, у абмен на мір. Гэта была вялікая добрая воля. Праз семдзесят гадоў мы пра ўсё гэта забыліся. Такім чынам навязваецца ўзор вайны”, - пракаментаваў бягучую сітуацыю Францішак.

“Дазвольце сказаць вам нешта асабістае, калі я паехаў у Рэдзіпулію ў 2014 годзе і ўбачыў імёны хлопцаў, я заплакаў. Я сапраўды плакаў ад горычы. Праз год-два, на Дзень задушны, я паехаў у Анцыё і ўбачыў імёны загінулых там хлопцаў. Усе маладыя, і я там таксама плакаў. Гэта сапраўды было. На магілах трэба плакаць. Я стаўлюся з увагай да гэта, таму што мы тут маем справу з палітычнай праблемай. Калі адзначалася гадавіна высадкі ў Нармандыі, кіраўнікі краін сабраліся адзначыць яе. Але я не памятаю, каб нехта казаў пра 30 тысяч маладых людзей, якія загінулі на пляжах. Маладосць не лічыцца. Гэта прымушае мяне задумацца. Мне сумна. Мы не вучымся. Няхай Бог змілуецца над намі, над кожным з нас. Мы ўсе вінаватыя!” - сказаў Пантыфік у размове з журналістамі.
 

03 красавіка 2022, 22:42