Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік прыме ўдзел у тэлепраграме з Рабэрта Беніньі

Францішак прыме ўдзел у тэлепраграме “Абліччы Евангелля” (Volti dei Vangeli), якая ў велікодны вечар 17 красавіка 2022 года выйдзе ў эфіры канала Rai 1 італьянскага дзяржаўнага тэлебачання.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак раскажа гісторыі евангельскіх постацей: святога Юзафа і святога Мацвея, святога Пятра і Юды, Добрага злодзея і Понція Пілата, Марыі Магдалены і жанчыны, абвінавачанай у чужалостве, Добрага самараніна і Міласэрнага бацькі з прыпавесці пра Блуднага сына.

Аповед Святога Айца будзе праілюстраваны славутымі творамі мастацтва з Ватыканскіх музеяў і Ватыканскай апостальскай бібліятэкі. Пачнецца праграма з прамовы італьянскага камедыйнага акцёра Рабэрта Беніньі, прысвечанай радаснаму абліччу Езуса ў дзень Уваскрасення.

Асновай тэлеперадачы, якая з’яўляецца супольным праектам канала Rai Cultura і ватыканскай Дыкастэрыі па камунікацыі, стала вялікае інтэрв’ю са Святым Айцом, запісанае спецыяльна з гэтай нагоды. Яе аўтары – галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ Андрэа Тарніелі і ватыканіст італьянскага дзяржаўнага тэлебачання Лючыа Брунэлі.

Праграма была задумана як магчымасць для таго, “каб сустрэцца, паразважаць і адкрыць нанова прыгажосць Евангелля”. “Яна стане адказам на тыранію часу, паспешлівасць, забыццё, культуру абыякавасці і спрашчэння, якая кіруе нашым жыццём і часта забівае праўду”, - сказаў прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Паола Руфіні, падкрэсліваючы, што праграма стане сапраўдным падарункам для тэлегледачоў з нагоды велікодных святаў.

07 красавіка 2022, 11:55