Францішак: абарона непаўналетніх – адказнасць кожнага
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Францішак прыняў членаў Папскай камісіі па абароне непаўналетніх на аўдыенцыі, якая 29 красавіка 2022 года прайшла ў Ватыкане. Ён падзякаваў сваім гасцям за намаганні, дзякуючы якім дзеці і ўразлівыя дарослыя могуць знаходзіцца ў большай бяспецы ў Касцёле. Папа пажадаў таксама, каб Касцёл станавіўся цалкам вартым даверу ў прасоўванні правоў гэтых людзей ва ўсім свеце. “На жаль, існуюць сітуацыі, у якіх годнасць дзяцей знаходзіцца пад пагрозай і гэта павінна турбаваць усіх вернікаў і ўсіх людзей добрай волі”, - дадаў ён.
Святы Айцец нагадаў пра цяжкія наступствы злоўжыванняў, пераадоленне якіх з’яўляецца доўгім і складаным працэсам, для якога патрэбна вера ў аздараўленчую моц Божай любові. Пантыфік заўважыў, што “злоўжыванні непрымальныя ва ўсіх іх формах”, але “сексуальныя злоўжыванні адносна дзяцей з’яўляюцца асабліва цяжкімі”, бо наносяць глыбокія і часам непазбыўныя раны жыццю, якое толькі пачынае расквітаць.
“Сведчанне выжыўшых – гэта адкрытая рана на целе Хрыста, якім ёсць Касцёл”, - сказаў Папа, заклікаючы “рупліва і мужна працаваць, каб пазнаваць гэтыя раны, шукаць людзей, якія пакутуюць ад іх і распазнаваць у гэтых людзях сведчанне нашага Збаўцы, які пакутуе”.
“Насамрэч, Касцёл ведае Уваскрослага Пана ў той меры, у якой ідзе за Ім, як за Слугой, які пакутуе. Гэта шлях для ўсіх нас: біскупаў, манаскіх настаяцелей, прэзбітэраў, дыяканаў, кансэкраваных асоб, катэхетаў, свецкіх вернікаў. Кожны член Касцёла, згодна з уласным станам, пакліканы ўзяць на сябе адказнасць за прадухіленне злоўжыванняў і працаваць на карысць справядлівасці і аздараўлення”, - падкрэсліў Пантыфік.
Францішак нагадаў, што ў адпаведнасці з новай Апостальскай канстытуцыяй Praedicate Evangelium, Папская камісія па абароне непаўналетніх будзе афіцыйна ўключана ў склад Рымскай курыі як структура Дыкастэрыі Веравучэння. У той жа час яна працягне непасрэдную камунікацыі з Пантыфікам праз яе кіраўніка.
“Я жадаю, каб вы прапаноўвалі Касцёлу лепшыя метады для абароны непаўналетніх і ўразлівых людзей, а таксама дапамагалі ў аздараўленні выжыўшым, з улікам таго, што справядлівасць і прадухіленне з’яўляюцца ўзаемадапаўняльнымі”, - сказаў Святы Айцец.
Пантыфік пажадаў таксама, каб Камісія штогадова рыхтавала для яго адмысловую справаздачу аб ініцыятывах Касцёла адносна абароны непаўналетніх і ўразлівых дарослых асоб. Папа заўважыў, што спачатку гэта можа быць складана, але аналіз таго, што адбываецца і таго што трэба змяніць, неабходны, каб маглі дзейнічаць кампетэнтныя органы.
“Гэта справаздача будзе фактарам празрыстасці і падсправаздачнасці і – я спадзяюся – дасць выразнае адлюстраванне нашага прагрэсу ў гэтых намаганнях. Калі прагрэсу не будзе, вернікі працягнуць губляць давер да сваіх пастыраў, што будзе больш і больш ускладняць абвяшчэнне і сведчанне Евангелля”, - дадаў Святы Айцец.
Яшчэ адзін важны напрамак дзейнасці Камісіі, на які звярнуў увагу Папа, гэта дабрабыт і душпастырства выжыўшых. У сувязі з гэтым ён заклікаў дапамагчы епіскапатам стварыць адмысловы цэнтры, дзе людзі, якія сталі ахвярамі злоўжыванняў, а таксама іх блізкія, маглі б быць прыняты і выслуханы, а таксама падтрыманы на шляху аздараўлення і пошуку справядлівасці. “Гэтыя высілкі стануць таксама выразам сінадальнага характару Касцёла, адзінства і субсідыярнасці”, - сцвердзіў Францішак.