Святы Айцец: пакліканні павінны служыць евангелізацыі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Зместам размовы, якая прайшла за закрытымі дзвярыма 3 красавіка 2022 года ў рамках падарожжа Святога Айца на Мальту, падзялілася італьянскае езуіцкае выданне La Civiltà Cattolica.
Францішак нагадаў сваім сабратам, што пакліканні ў Касцёле не павінны разглядацца праз прызму колькасці, але евангелізацыі. Хрыстус стукае ў дзверы, просячы, каб Яму дазволілі выйсці з храмаў у свет, - перакананы Папа.
Святы Айцец назваў сапраўдным прарокам “Касцёла будучыні” Бэнэдыкта XVI. Менавіта Папа-эмерыт казаў пра тое, што Касцёл “стане малым, згубіць шматлікія прывілеі, стане больш пакорным і сапраўдным і такім чынам знойдзе сілы для таго, што з’яўляецца самым важным”.
Пантыфік заклікаў семінарыстаў быць “звычайнымі людзьмі”, не ўяўляць сябе “вялікімі апосталамі”. Для гэтага патрэбны “нармальныя настаяцелі”, якія будуць пазбягаць крывадушнасці і змогуць ствараць атмасферу даверу. Важна не займацца “уніфікацыяй” моладзі, але раскрываць патэнцыял і асаблівасці кожнага кандыдата да святарства. “Мы не з’яўляемся ўсе аднолькавыя”, - дадаў Папа.