Святы Айцец: вайна пачалася, бо маем кароткую памяць
Аляксандр Панчанка – Vatican News
У прадмове да выдання Святы Айцец спаслаўся на сваю мінулагоднюю пілігрымку ў Ірак, дзе мог на ўласныя вочы ўбачыць катастрафічныя наступствы вайны, выкліканай братазабойчым гвалтам і тэрарызмам. “Я бачыў руіны дамоў і раны сэрцаў, а таксама зерні надзеі на адраджэнне. Я нават не мог падумаць, што годам пазней канфлікт выбухне ў Еўропе”, - прызнаўся ён.
Францішак нагадаў, што ад самага пачатку свайго пантыфікату папярэджваў аб рызыцы Трэцяй сусветнай вайны, якая, на яго думку, ужо ідзе ў фрагментарным фармаце. “Вельмі шмат войнаў адбываецца ў свеце, прыводзячы да велізарных пакут, нявінных ахвяр, асабліва сярод дзяцей. Гэта войны, у выніку якіх мільёны людзей вымушаны ўцякаць са сваіх дамоў”, - заўважыў Пантыфік.
Святы Айцец адзначыў, што войны ў свеце здаваліся нам далёкімі, пакуль нападу і ўварванню не падвергнулася Украіна. “На жаль, у канфлікце пацярпела вялікая колькасць нявіннага мірнага насельніцтва, шмат жанчын, дзяцей, пажылых людзей, якія вымушаны жыць у сховішчах пад зямлёй, каб уратавацца ад бомб. Сем’і падзелены, бо мужчыны застаюцца весці барацьбу, а жанчыны і дзеці ратуюцца, пераходзячы мяжу ў пошуку бяспекі ў іншых краінах, якія велікадушна прымаюць іх”, - нагадаў Францішак
“Перад страшнымі выявамі, якія бачым штодня, перад крыкам дзяцей і жанчын, нам застаецца толькі ўсклікаць: “Спыніцеся!”. Вайна не з’яўляецца рашэннем. Вайна – гэта вар’яцтва, вайна – гэта шаленства, вайна – гэта жах, вайна – гэта ракавая пухліна, якая сілкуецца, пажыраючы ўсё навокал. Больш за тое, вайна – гэта святатацтва, якое знішчае самае каштоўнае ў свеце – чалавечае жыццё і прыгажосць стварэння”, - напісаў Пантыфік.
Францішак нагадаў пра прароцкія заклікі супраць войнаў, якія на працягу апошніх дзесяцігоддзяў скіроўвалі яго папярэднікі: Ян ХХІІІ, Павел VI і Ян Павел ІІ. “Зараз мы з’яўляемся сведкамі чарговага варварства, а памяць у нас, на жаль, кароткая. Калі б мы слухалі тое, што расказвалі пра вайну нашы бацькі, бабулі і дзядулі, тады патрэба ў міры была б для нас такой жа, як патрэба ў кіслародзе. Вайна перакручвае ўсё, вайна – гэта чыстае шаленства, яе адзіная мэта – разбурэнне”, - сказаў Папа.
На думку Святога Айца, калі б людзі мелі добрую памяць, яны б ведалі, што ў першую чаргу вайну трэба спыніць у сэрцах людзей. “Неабходна выкараніць нянавісць з сэрцаў, пакуль не стала занадта позна”, - заклікаў ён, адзначаючы, што для гэтага патрэбны дыялог, перамовы, узаемнае слуханне, дыпламатычныя навыкі і крэатыўнасць, а таксама дальнабачная палітыка, здольная стварыць новую сістэму суіснавання, не заснаваную на пагрозе ўзаемнага знішчэння.
Францішак падкрэсліў, што амаральным з’яўляецца не толькі выкарыстанне ядзернай зброі, але нават валоданне ёй, бо так чалавецтва крок за крокам рухаецца да катастрофы. У той жа час ён нагадаў, што вайна ніколі не з’яўляецца непазбежнасцю. Яе прычыны – прагнасць, нецярпімасць, палітычныя амбіцыі, насілле, якія апраўдваюцца ваяўнічай ідэалогіяй, у якой няма месца для невымернай годнасці кожнага чалавечага жыцця і клопату пра яго.
Пантыфік назваў знакамі надзеі для сучаснага свету мільёны маладых людзей, якія не падтрымліваюць вайну і патрабуюць міру. Ён заклікаў адмовіцца ад вайны менавіта дзеля моладзі і дзяцей і прыкладаць рашучыя супольныя намаганні на карысць больш справядлівага свету, у якім будзе панаваць мір і прабачэнне, а не нянавісць, якая прымушае бачыць ворага ў іншым чалавеку, адметным ад нас.
Святы Айцец паўтарыў свой заклік да стварэння Сусветнага фінансавага фонда, рэсурсы якога будуць выкарыстоўвацца для барацьбы з беднасцю і дапамогі ў развіцці самым бедным дзяржавам, каб іх жыхары ніколі не прыбягалі да гвалтоўных рашэнняў праблем і не былі вымушаны пакідаць свае краіны ў пошуку больш годнага жыцця. “Войны трэба спыніць, але яны спыняцца толькі тады, калі мы перастанем іх “сілкаваць”, - напісаў на завяршэнне прадмовы Папы.