Пошук

Святы Айцец заклікае маліцца за медыцынскіх работнікаў

“Давайце ў гэтым месяцы маліцца за работнікаў сферы аховы здароўя”, - заклікаў Папа, абвяшчаючы сваю малітоўную інтэнцыю на красавік. Адмысловы відэаролік быў абнародаваны 5 красавіка 2022 года.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Пандэмія паказала нам велікадушнасць і ахвярнасць медыцынскіх работнікаў: валанцёраў, працаўнікоў сферы аховы здароўя, святароў, законнікаў і законніц. Аднак, гэта пандэміяй паказала таксама, што не ўсе маюць доступ да добрай дзяржаўнай сістэмы аховы здароўя”, - заўважыў Святы Айцец.

Францішак падкрэсліў, што “найбяднейшыя і найслабейшыя краіны не маюць доступу да лячэння, неабходнага для барацьбы з хваробамі, ад якіх працягваюць пакутаваць”. “Вельмі часта гэта выклікана кепскім кіраўніцтвам рэсурсамі і адсутнасцю сур’ёзных палітычных высілкаў”, - дадаў ён, заклікаючы “ўрады ўсіх краін свету не забываць, што добрая сістэма аховы здароўя, даступная ўсім – гэта прыярытэт”.

“Я хацеў бы таксама нагадаць, што служба аховы здароўя – гэта не толькі арганізацыя: яна ўключае ў сябе людзей, якія прысвячаюць сваё жыццё клопату пра здароўе іншага, і якія падчас пандэміі аддалі сваё жыццё, дапамагаючы многім хворым вярнуць здароўе”, - сказаў Папа.

“Молімся аб тым, каб праца медыцынскіх работнікаў па апецы над хворымі і пажылымі асобамі, асабліва ў найбяднейшых краінах, мела падтрымку ўладаў і мясцовых супольнасцяў”, - агучыў малітоўную інтэнцыю Святы Айцец.

05 красавіка 2022, 17:30