Францішак падчас сустрэчы з прадстаўнікамі Грамадзянскай абароны. 2018.12.22 Францішак падчас сустрэчы з прадстаўнікамі Грамадзянскай абароны. 2018.12.22  

Францішак пра сэнс і значэнне Грамадзянскай абароны

Дзеяслоў “абараняць” указвае на клопат пра брата, на канкрэтнае братэрства, на ахову жыцця, - адзначыў Папа 23 мая 2022 года падчас сустрэчы з прадстаўнікамі італьянскай Грамадзянскай абароны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Першым аспектам абароны, патрэбнай сёння чалавецтву, Францішак лічыць пераадоленне грамадскай ізаляцыі. “Мы павінны зразумець і заўважыць, што наша жыццё залежыць ад жыцця іншых, і што дабро “заразнае”. Ператвараючыся ў бліжніх для нашых братоў, мы становімся лепшымі, больш адкрытымі і салідарнымі. І ў той жа час наша грамадства становіцца крыху больш прыдатным для жыцця. Калі такія адносіны растуць і ператвараюцца ў стыль падтрымкі грамадства, фарміруецца сапраўдная “грамадзянская абарона”, - лічыць Пантыфік.

Абарона ад экалагічных катастроф – гэта другі аспект, на які звярнуў увагу Святы Айцец. Ён адзначыў, што сёння “зямля крычыць” ад неахайных адносін да яе. “Ахова – гэта знак клопату пра тэрыторыю, на якой вы жывяце. (...) Мы пакліканы абараняць свет, а не рабаваць яго”, - звярнуў увагу Папа.

Прафілактыка, лічыць Францішак, гэта яшчэ адзін важны для разумення паняцця “абарона” аспект. “Прафілактыка можа быць дасягнута шляхам прыцягнення розных суб'ектаў, адказных за кіраванне тэрыторыяй. (...) У пазітыўным сэнсе важна выхоўваць прыгажосць, захоўваць гісторыю жыцця і традыцыю, культуру і грамадскі досвед. Робячы гэта, вы становіцеся майстрамі надзеі; надзея адважная, яна здольная глядзець далей, па-за асабістую выгоду, па-за малую ўпэўненасць і прыемнасці, якія звужаюць гарызонты, каб адкрыцца на вялікія ідэалы, якія робяць жыццё прыгажэйшым і больш годным”, - адзначыў ён.

Абарона, звярнуў увагу Папа, у хрысціяніна атаясамліваецца з Богам, Які клапоціцца пра чалавека і не дазваляе яму адчуваць недахоп у сваёй любові. “Калі мы разумеем, што Ён абараняе нас, мы вучымся шчодрай абароне ў адносінах да нашых братоў і сясцёр”, - правёў паралель Францішак.
 

23 мая 2022, 12:41