Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак да нямецкіх католікаў: умець прымаць дары іншых

Францішак скіраваў пасланне да ўдзельнікаў 102-га Дня нямецкіх католікаў (Katholikentag), які праходзіць з 25 па 29 мая 2022 года ў Штутгарце на тэму: “Дзяліцца жыццём”.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“У гэтыя дні мы блізкія ў нашых думках да народу Украіны і молімся за ўсіх людзей, жыццё якіх знаходзіцца ў нябеспецы і няпэўнасці, за ўсіх, хто мае тугу па паўнаце жыцця, якое можа даць толькі Пан. Давайце прасіць аб Яго спакоі”, - заклікаў у сваім звароце Святы Айцец.

Францішак падкрэсліў, што Бог заклікае нас жыць не толькі для саміх сябе, але прысвяціць жыццё Яму і іншым людзям, а гэты “дар жыцця можа набываць розныя формы”.

“Я думаю, напрыклад, пра маці і бацькаў, якія цалкам прысвячаюць сябе сваім дзецям, пра шматлікіх людзей, якія ў касцёльным служэнні, або ў грамадскай ці дабрачыннай дзейнасці, ставяць сваё жыццё на апошняе месца, каб служыць і дапамагаць іншым. Дзякуй Богу, нават падчас актуальных крызісаў мы бачым, наколькі вялікай з’яўляецца гатоўнасць многіх людзей ісці на ахвяры дзеля іншых. Ніхто не можа збавіцца ў адзіночку. Мы ўсе знаходзімся ў адным чоўне. Таму вельмі важна развіваць усведамленне таго, што мы ўсе дзеці аднаго Айца, браты і сёстры; што мы ўсе жывем у адным доме, які быў давераны ўсім нам; што ўсё ўзаемазвязана і мы не можам не дзяліцца сваім жыццём. Толькі разам мы ідзем наперад”, - заўважыў Папа.

Спасылаючыся на прыклад святога Марціна, апекуна Штутгарта, Францішак нагадаў, што людзі, якія называюць сябе хрысціянамі, пакліканы дзяліцца сваімі дабротамі і магчымасцямі з тымі, хто патрабуюць дапамогі. “Давайце будзем пільнымі калі ідзем па жыцці, і вельмі хутка ўбачым, дзе мы патрэбныя”, - заахвоціў ён.

Святы Айцец заўважыў, што нават самаму багатаму чалавеку чагосьці не хапае і ён патрабуе дароў іншых людзей. “Прыняць штосьці ад іншых часам бывае складаней, чым даваць нешта, бо гэта звязана з прызнаннем уласнай недасканаласці. Пётр павінен быў з цяжкасцю навучыцца прымаць служэнне свайго Настаўніка падчас абмывання ног на Апошняй вячэры. Молімся таксама аб пакоры, каб умелі прымаць штосьці ад іншых людзей”, - заклікаў нямецкіх католікаў Францішак.
 

26 мая 2022, 09:23