Святы Айцец: штодзённа маліцца Ружанец і прасіць аб міры
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Перад абліччам шматлікіх крызісаў, якія перажывае планета, Святы Айцец заахвоціў асабліва чынам прасіць аб дапамозе Багародзіцы. “Заклікаю вас маліць Яе аб заступніцтве ў вашых асабістых інтэнцыях, у інтэнцыях Касцёла і аб міры ў свеце”, - сказаў ён.
Звяртаючыся да пілігрымаў з Польшчы, Францішак нагадаў пра ўрачыстасці ў гонар благаслаўлёнага Стэфана Вышынскага, якія прайшлі ў Чэнстахове. Гэты пастыр навучыў палякаў “давяраць Марыі ў самыя складаныя моманты” іх гісторыі. “Наследуючы яго прыклад, давярайце Найсвяцейшай Панне лёс вашай Айчыны і мір у Еўропе”, - сказаў Пантыфік.
Вітаючы вернікаў з Партугаліі Святы Айцец асаблівым чынам падкрэсліў моц і каштоўнасць ружанцовай малітвы. “Нядаўна распачаўся месяц май, які традыцыйна заклікае хрысціянскі народ памножыць штодзённыя жэсты ўшанавання Панны Марыі. Таямніцай Яе супакою і мужнасці была ўпэўненасць у тым, што “для Бога няма нічога немагчымага”. Нам трэба навучыцца гэтаму ў Божай Маці: праявім нашу ўдзячнасць, молячыся Ружанец штодзённа”, - заахвоціў Папа.