Пошук

Аўдыенцыя для ўдзельнікаў Міжнароднага сімпозіума па маральнай тэалогіі Аўдыенцыя для ўдзельнікаў Міжнароднага сімпозіума па маральнай тэалогіі 

Францішак: тэалогія павінна быць уважлівай да ран чалавецтва

13 мая 2022 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў Міжнароднага сімпозіума па маральнай тэалогіі, які праходзіў у рамках Года сям’і Amoris laetitia.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Добра, што маральная тэалогія чэрпае з багатай духоўнасці, якая прарастае з сям’і”, - сказаў Пантыфік, нагадваючы, што “сям’я – гэта хатні Касцёл, у якім сужонкі і дзеці пакліканы супрацоўнічаць у перажыванні таямніцы Хрыста праз малітву і любоў у канкрэтных штодзённых сітуацыях, ва ўзаемным клопаце, які не дазваляе нікому стаць адчужаным ці пакінутым”. “Давайце будзем памятаць, што, дзякуючы сакрамэнту сужэнства, Езус прысутнічае ў гэтым чоўне”, у чоўне сям’і”, - дадаў ён.

Святы Айцец нагадаў таксама пра шматлікія выпрабаванні, якія перажываюць сем’і і якія ўплываюць на адносіны ў сям’і, пра “складаныя сітуацыі і параненыя сем’і”, пра цяжкасці, якія сустракае моладзь, калі хоча стварыць сям’ю. Усе гэтыя “эпахальныя змены”, на думку Пантыфіка, з’яўляюцца выклікамі длоя маральнай тэалогіі, якая павінна быць “па-сапраўднаму ўважлівай да ран чалавецтва”.

Папа заклікаў да больш шчыльнага ўзаемадзеяння паміж тэалогіяй, навукамі пра чалавека і філасофіяй, што зробіць тэалагічную рэфлексію на тэму сужэнства і сям’і больш глыбокай. Дыялог неабходны, каб дапамагчы хрысціянскім сем’ям “сведчыць, у радасці і цяжкасцях, пра сужэнскую, сыноўскую і братэрскую любоў, добрую навіну Евангелля Езуса Хрыста”.

Пантыфік лічыць неабходным заахвоціць у тэалагічны дыялог самі сем’і, каб пачуць іх радасці і надзеі, боль і трывогі, бо адрасат дару Евангелля “павінен быць выслуханы і ўспрымацца сур’ёзна”.

Папа адзначыў важнасць узаемадзеяння паміж тэалогіяй і душпастырствам: “душпастырскія практыкі не могуць выводзіцца з абстрактных тэалагічных прынцыпаў”, як і “тэалагічная рэфлексія не можа абмяжоўвацца паўтарэннем таго, што практыкуецца”. Францішак нагадаў, што “тэалогія мае крытычную функцыю”, але “яе рэфлексія абапіраецца на жывы досвед і sensus fidei fidelium”.

“Менавіта таму практыка распазнання становіцца як ніколі неабходнай, адкрываючы прастору “для сумлення вернікаў, якія сярод сваіх абмежаванняў часта адказваюць на Евангелле найлепш, як толькі могуць, і здольныя самі зарыентавацца ў сітуацыі, калі ўсе сістэмы руйнуюцца”, - сказаў ён.

Святы Айцец заўважыў, што евангельская мараль “далёкая ад маралізма, які робіць з літаральнага выканання норм гарантыю ўласнай справядлівасці перад Богам”, але таксама далёкая “ад ідэалізму, які, у імя ідэальнага дабра, знеахочвае і аддаляе аб дабра магчымага”.

“У цэнтры хрысціянскага жыцця знаходзіцца ласка Святога Духа, атрыманая ў выніку жыцця верай, якая падштурхоўвае да ўчынкаў міласэрнасці. Дабро, такім чынам, гэта заклік, гэта “голас”, які вызваляе і грукае да сумлення, як кажа тэкст Gaudium et spes: “У глыбіні сумлення чалавек адкрывае закон, які не сам ён устанавіў, але якому павінен падпарадкоўвацца... Сумленне – гэта самы таемны асяродак чалавека і яго святыня, дзе ён знаходзіцца сам-насам з Богам, голас якога гучыць у глыбіні яго душы”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў тэолагаў дапамагчы сем’ям зразумець у чым сэнс любові, працуючы з крэатыўнай вернасцю Евангеллю. “Канкрэтнае жыццё сем’яў – гэта надзвычайная школа добрага жыцця”, - сказаў Папа, нагадваючы, што Касцёл павінен станавіцца сёння “знакам міласэрнасці Бога, які ніколі не стамляецца намі”.

 

13 мая 2022, 12:18