Пошук

Кардынал П'етра Паралін падчас літургіі ў базыліцы святой Сафіі Кардынал П'етра Паралін падчас літургіі ў базыліцы святой Сафіі 

Кардынал Паралін маліўся за ахвяр вайны і аб дары міру для Украіны

З нагоды Дня Еўропы, які штогадова адзначаецца ў краінах Еўрасаюза 9 мая, кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін цэлебраваў літургію ў рымскай украінскай базыліцы святой Сафіі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Будзем маліць Бога аб дары міру для Украіны, аб матэрыяльным і духоўным суцяшэнні для ахвяр вайны і асабліва за бежанцаў, за дзяцей, за тых, хто згубіў усё, за людзей, якія засталіся ў адзіноце. Няхай Пан асвеціць сэрцы кіраўнікоў, каб прыкладалі намаганні на карысць аднаўлення міру і згоды”, - сказаў бліжэйшы супрацоўнік Папы падчас святой Імшы, у якой бралі ўдзел, між іншых, дыпламатычныя прадстаўнікі розных краін, акрэдытаваныя пры Апостальскай Сталіцы.

У гаміліі ватыканскі іерарх, спаслаўся на літургічнае евангельскае чытанне, разважаючы пра значэнне смерці, пераможанай Хрыстом, Добрым Пастырам, якія вяртае жыццё. “Падчас Пасхі Пан Езус адкрыў нам браму вечнага жыцця. Смерць больш не мае ўлады, была пераможана ў целе Адкупіцеля. Езус адкрыў нам шлях да вечнасці. Ён сам – шлях, брама, якую трэба пераадолець, каб увайсці ў сапраўднае жыццё”, - нагадаў кардынал Паралін, з жалем заўважаючы, што перад абліччам сцэн вайны ва Украіне цяпер вельмі цяжка бачыць перамогу Хрыста, бо “здаецца, што грэх і смерць узялі верх”.

Перад абліччам трагедый, выкліканых вайной, Дзяржсакратар нагадаў пра дух, які натхняў гістарычную Дэкларацыю Рабэра Шумана, абнародаваную 9 мая 1950 года – праз пяць гадоў пасля заканчэння самага вялікага і крывавага канфлікту, які Еўропа ведала дагэтуль. Тагачасны Міністр замежных спраў Францыі зразумеў, што адзіным шляхам аддалення небяспекі новага канфлікту было не стрымліванне ці “будаванне ўзброенага міру, як падчас халоднай вайны”; а выключна “ўзаемная салідарнасць і дзяленне рэсурсамі”, што прывядзе да “сапраўднага прымірэння”. Гэта быў пачатак шляху да еўрапейскай федэрацыі і змены “лёсу рэгіёнаў, якія на працягу доўгага часу прызначаліся для вытворчасці ваенных прылад”, - нагадаў кардынал Паралін.

Дзяржсакратар зазначыў, што ў аснове Дэкларацыі Шумана ляжыць “уся палітычная і грамадская адказнасць” гэтага дзяржаўнага дзеяча, “сатканая хрысціянскай верай, якая ўмацоўвалася ім у штодзённым жыцці”. “Для Шумана Хрыстус па-сапраўднаму ўваскрос”, не быў “абстрактным паняццем, а прысутнасцю, якая дзейнічае ў свеце”. Менавіта, дзякуючы гэтай глыбокай веры, тагачасны міністр пачаў “працаваць дзеля з’яднанай і прыміранай Еўропы”, а на сваім шляху сустрэў людзей, “якія мелі такую самую веру, такі самы позірк на жыццё, такую самую палітычную адказнасць, такую самую адданасць клопату пра агульнае дабро” – Конрада Адэнаўэра і Альчыда Дэ Гаспары.

Усе яны “ўсведамлялі, што смерць не перамагчы іншай смерцю”, а што “толькі жыццё перамагае смерць”. Перад абліччам “чалавечай спакусы даваць перавагу разладу”, заснавальнікі еўрапейскай інтэграцыі разумелі таксама тое, што адзіным спосабам адказаць на выклікі, было “слуханне, сумленнае і простае прадстаўленне сваіх аргументаў, і, адначасова, гатоўнасць разумець аргументы іншых”, - сказаў кардынал Паралін. Таму іх назвалі “айцамі-заснавальнікамі”, бо яны “заклалі асновы новай пабудовы” і “ў жыцці імкнуліся будаваць там, дзе іх папярэднікі былі здольныя толькі разбураць”. Іх спадчынай было “слуханне і разуменне”, якія і “сёння з’яўляюцца моцнымі бакамі Еўропы”. Вельмі важна “захоўваць жывой гэту пазіцыю сярод аглушальнага грукату нашага часу”, - завяршыў гамілію кардынал Дзяржсакратар.
 

10 мая 2022, 09:00